«Чалавек года Шуміліншчыны»: Павел Шустроў

Главное Новости Экономика

У адказе за людзей і вытворчасць

Паўлу Мікалаевічу Шустрову, начальніку цэха забою птушкі «Шуміліна» таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вітконпрадукт», па выніках работы за 2020 год прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Шуміліншчыны»


Павел Шустроў, які нарадзіўся і вырас у Віцебску, вучачыся ў ветінстытуце не думаў, што ў будучым будзе ўзначальваць прадпрыемства, дзе працуе амаль пяцьсот чалавек. Маладога ветурача па накіраванні адправілі працаваць у калгас «Праўда». Павел Шустроў так і застаўся ў Амбросавічах, стварыў тут сям’ю.
Калі Паўлу Мікалаевічу прапанавалі ў 2008 годзе ўзначаліць цэх забою птушкі, за плячыма быў ужо багаты вопыт работы галоўным ветурачом раёна, намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчаванні райвыканкама па жывёлагадоўлі. Пачынаў не з нуля, бо па доўгу службы прыходзілася кантраляваць вытворчасць харчовай прадукцыі і бываць у цэху па забою птушкі.
Аналізуючы сваю работу за 13 гадоў, што ўзначальвае цэх, Павел Шустроў з задавальненнем адзначае, што вытворчасць значна змянілася, пашырылася і ўдасканалілася. Калі раней да работнікаў цэха забою прывозілі за суткі да 25 тысяч галоў куранят, то зараз – па 30-60 тыс. галоў. Паступова пачалі выпускаць сырыя паўфабрыкаты: каўбаскі, фарш, рулеты, біточкі, катлеты. Потым пабудавалі ўчастак варана-вэнджаных вырабаў. І нядаўна адзначалі важкую дату – дзесяць гадоў з пачатку выпуску першай каўбасы ў Шуміліне.
П. М. Шустроў можа гадзінамі расказваць пра кожны ўчастак цэху забою, пра лінію раздзелкі, фасоўкі і ўпакоўкі, пра тых людзей, якія тут працуюць, іх адказнасць, вынослівасць і акуратнасць. «Галоўнае на любой вытворчасці – гэта надзейны згуртаваны калектыў, – кажа начальнік цэха. – Нашы заслугі – гэта агульны поспех. Вядома, прыбыткі прадпрыемства – гэта камерцыйная тайна. Скажу адно: з года ў год наш цэх працуе рэнтабельна, і мы вельмі ганарымся гэтым».
У цэху забою мы пагутарылі з многімі работнікамі, усе, як адзін, назвалі Паўла Шустрова талковым гаспадарнікам і справядлівым чалавекам. «Мы ганарымся, што ў нас такі добры начальнік, – расказалі ўчотчык цэха Валянціна Бараноўская і тэхнік-тэхнолаг Вольга Гоманава. – У меру строгі, ён умее і на недахопы ўказаць, і пахваліць. Да таго ж, вельмі ўважлівы да кожнага чалавека. Да яго можна звярнуцца па любых пытаннях як вытворчага характару, так і асабістага. Заўсёды зразумее і дапаможа».
Пасля размовы Павел Мікалаевіч заспяшаўся на вытворчасць: трэба абысці ўсе ўчасткі, пракантраляваць работу людзей, выявіць недакладнасці, каб на ранішняй планёрцы абмеркаваць шляхі іх выпраўлення. Ну, а потым трэба прааналізаваць бухгалтарскія справаздачы, вытворча-гаспадарчую дзейнасць, сустрэцца з прадаўцамі, якія прапануюць розныя спецыі для харчовай прадукцыі, наведаць участак сыравэнджаных вырабаў. Ды ці мала яшчэ спраў у начальніка цэха, які адказвае не толькі за вытворчыя паказчыкі і бесперабойную работу, але яшчэ і за людзей, якія тут працуюць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №90 ад 19.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *