В Шумилино прошла встреча молодых специалистов с руководством района

Главное Молодёжь Новости

«Час абраў вас…» –
пад такім дэвізам 24 лістапада ў раённым цэнтры культуры прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыйшлі працаваць у арганізацыі раёна

Сорак дзевяць выпускнікоў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійных устаноў адукацыі атрымалі першае месца работы на шумілінскіх прадпрыемствах. Найбольшае папаўненне – 21 спецыяліста – прынялі сельскагаспадарчыя арганізацыі. 7 спецыялістаў прыйшлі ў сферу аховы здароўя, па чатыры чалавекі папоўнілі галіну адукацыі і лясную гаспадарку, па тры – будаўніцтва і культуру, па два спецыялісты – прамысловыя прадпрыемствы раёна і аддзел па надзвычайных сітуацыях. Дарэчы, палова маладых спецыялістаў маюць шумілінскія карані – пасля вучобы яны вярнуліся працаваць на малую радзіму.
Звяртаючыся да моладзі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч сказаў: «Лёс накіраваў вас на шумілінскую зямлю. Кіраўніцтва раёна мае на вас сур’ёзныя перспектыўныя планы, спадзяецца на вашу прафесійную падрыхтоўку, узровень адукацыі. Хочацца, каб вы паказалі сябе дастойнымі сваіх настаўнікаў, сваіх бацькоў. Асаблівыя спадзяванні на тых, хто вярнуўся працаваць на радзіму». Мікалай Аляксеевіч расказаў пра тое, што робіцца ў раёне для моладзі. Так, у новым 42-кватэрным доме шэраг кватэр выдзелены маладым спецыялістам у якасці службовага жылля, што вырашае адно з самых галоўных жыццёвых пытанняў моладзі, дазваляе ствараць сям’ю, плённа жыць і працаваць. Старшыня райсавета адзначыў, што кіраўніцтва раёна заўжды вывучае праблемы, якія хвалююць моладзь, дапамагае іх вырашаць.
Павіншавала маладых спецыялістаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова, якая брала ўдзел у сустрэчы. Яна заклікала моладзь быць актыўнай у прафесійнай і грамадскай сферах, не баяцца брацца за новую справу. Яна адзначыла, што як дэпутат парламента краіны яна часта бывае ў раёне і гатова дапамагчы маладым спецыялістам, калі такая неабходнасць узнікне.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова расказала пра работу прафсаюзаў, іх ролю ў абароне правоў і інтарэсаў работнікаў.
Пра дзейнасць раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» паведаміла першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Бяляева.
Маладзёжная арганізацыя працуе на многіх накірунках: патрыятычнае выхаванне, валанцёрскі і будатрадаўскі рух, дабрачынная дзейнасць, спорт і іншае. У раённай арганізацыі чакаюць, што моладзь, якая прыйшла ў раён, знойдзе занятак па душы і актыўна ўключыцца ў дзейнасць арганізацыі.
Галоўны юрысконсульт райвыканкама Марыя Камісарава, якая сама яшчэ нядаўна была маладым спецыялістам, расказала на сваім прыкладзе, як складвалася яе прафесійная кар’ера, асабістае жыццё.
Дырэктар Шумілінскага раённага цэнтра культуры Марына Прохарава прарэкламавала работу ўстаноў культуры і запрасіла маладых людзей прыходзіць у клубы, музеі і бібліятэкі не толькі як чытачы і гледачы, але і ў гурткі і мастацкія калектывы, каб паказаць свае таленты і развіваць творчыя здольнасці.
У фае РЦК былі прадстаўлены выставы, падрыхтаваныя ўстановамі культуры раёна.
Супрацоўнікі «Беларусбанка» разгарнулі прэзентацыю банкаўскіх паслуг, у прыватнасці, льготных крэдытаў, якія даюцца маладым спецыялістам згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №631 ад 27 лістапада 2000 года для набыцця хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №92 ад 26.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *