У Наталлі Сцержанковай адыходзячы год быў плённым

Культура Новости Общество

Сонечнае рамяство на кончыку тонкай саломкі

А вы ведаеце, што для стварэння саламянага павука, які будзе аберагаць ваш хатні пакой, падыдзе не кожны злак. Майстар па саломапляценні Шумілінскага дома рамёстваў Наталля Сцержанкова кажа, што з жыта ці ячменю нармальнага павука не атрымаецца.

А вось азімая пшаніца і трыцікале – гэта тое, што трэба, бо ў гэтых злакаў першае і другое каленца сцябліны доўгія і прыдатныя для стварэння павукоў, кветак, зорак і іншай прыгажосці, якая займае ўсе сцены невялікага кабінета-майстэрні, дзе працуе майстар. Тут можна ўбачыць нават музычныя інструменты, з якіх мне асабліва спадабалася гітара.
Наталля ведае пра саломку ўсё, расказвае, што злакі вырошчваюць на прыватных участках, убіраюць, пакуль не наліўся колас, інакш салома будзе крохкай. Яна не любіць фарбаваць саломку, лічыць яе прыродны сонечны колер самадастатковым. Свае веды і ўменні майстар перадае дзецям, з якімі займаецца ў гуртку «Каласок».
Гэтымі снежаньскімі днямі ў Наталлі добры настрой, адыходзячы год быў для яе плённым, багатым на добрыя падзеі. Яна стала ўдзельніцай многіх святочных мерапрыемстваў, дзе яе вырабы знаходзілі ўхвальнае слова, а талент – прызнанне. Асабліва ёй запомніўся рэспубліканскі фестываль-свята народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет», які ў маі сабраў у Мінску больш за 300 майстроў з усёй Беларусі. Падчас гэтага вялікага фэсту Наталлю Сцержанкову прынялі ў члены грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці». А гэта натхняе на новыя творчыя фантазіі, якія, дзякуючы спрытным умелым рукам, пераўтвараюцца ў непаўторныя вырабы.
Зараз напярэдадні Новага года ў яе творчай майстэрні нараджаюцца цудоўныя ёлачкі з льняной тканіны і саломкі, лёгкія залацістыя сняжынкі, шарыкі, званочкі – у майстра цэлая калекцыя вырабаў навагодняй тэматыкі.
Уся гэтая сонечна-саламяная прыгажосць заслугоўвае персанальнай выставы – каб людзі маглі ўбачыць і парадавацца. І яшчэ – каб засведчыць тое, што традыцыйныя нацыянальныя беларускія рамёствы жывуць і развіваюцца. У тым ліку і дзякуючы талентам і старанням майстроў дома рамёстваў.
І ў гэтым кантэксце нельга не адзначыць, што тры майстры з Шумілінскага дома рамёстваў – майстар па народных касцюмах Вольга Загвоздава, майстар па ляльках Кацярына Барабанава і Наталля Сцержанкова – афіцыйна прызнаны носьбітамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №95 ад 07.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *