Криминал. Происшествия

Происшествия

Стрэл
Брыгадай “хуткай дапамогі” з Каравайніцы ў райбальніцу быў дастаўлены мужчына з агнястрэльным раненнем правай нагі. Як высветлілі міліцыянеры, у ходзе сваркі яго параніў жыхар Шуміліна, які з гладкаствольным ружжом невядомай маркі уцёк ў невядомым накірунку. Паколькі мужчына нёс небяспеку для людзей, ва ўсіх раёнах вобласці аб’явілі спецыяльную аперацыю “Сірэна”. Тым не менш, мужчына з раёна нікуды не ўцёк, ён быў затрыманы супрацоўнікамі РАУС у адным з дамоў Каравайніцы. Згодна з арт. 339 ч.3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Хуліганства, здзейсненае з прымяненнем зброі” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Дзік
Супрацоўнікі Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету паведамілі ў РАУС, што непадалёку ад вёскі Бубалі невядомыя асобы незаконна палявалі на дзіка. Дзіка злавілі пры дапамозе спецыяльнай металічнай пятлі. Урон, нанесены жывёльнаму свету, складае 60 базавых велічынь.
Супрацоўнікі РАУС устанавілі, што незаконна паляваў на дзіка жыхар Мікалаёва. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Аўтакрадзеж
Невядомыя злодзеі пашкодзілі замкі на ўваходных дзвярах гаража жыхара райцэнтра і абрабавалі два грузавыя аўтамабілі. Яны ўкралі радыёстанцыі, дынамікі, навігатары. Агульны ўрон складае 4,6 мільёна рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Бутэлька
У гандлёвым цэнтры Обалі пакупнік адпіхнуў прадаўца і ўкраў з прылаўка бутэльку віна. Па гарачых слядах злодзей затрыманы.
Веласіпед
Супрацоўнікі следчай групы РАУС знайшлі веласіпед, які ў жыхаркі райцэнтра ўкралі два месяцы таму. Злодзеем аказаўся жыхар Латкова. Ён прызнаўся і яшчэ ў адным крадзяжы: некалькі тыдняў таму залез у хляўчук адной жыхаркі райцэнтра і ўкраў курэй.
Брага
У Обалі супрацоўнікамі міліцыі знойдзена 35 літраў самагоннай брагі. А праз тыдзень, як нам паведаміў старшы інспектар аддзялення аховы прафілактыкі і правапарадку РАУС А. Шаціла, у гэтым жа гарадскім пасёлку канфіскавалі яшчэ 37 літраў брагі. У абодвух выпадках на абальчан складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Выцягнулі з полымя
Узнік пажар у жылым доме ў Хацілаве. Хата загарэлася знутры. Калі выратавальнікі прыбылі на месца здарэння, гарэлі сцены, агонь часткова перакінуўся на паддашак. Выратавальнікі заўважылі, што ў доме ёсць чалавек. Гэта была гаспадыня дома, яе выратавалі з палаючага дома праз акно.
Падпал
Жыхар з Лявонава спрабаваў спаліць чужую кватэру. Уваходны тамбур і лесвічную пляцоўку кватэры ён абліў бензінам і падпаліў. Але гаспадары своечасова ўбачылі агонь і пачалі тушыць.
Матэрыялы па падпале знаходзяцца ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Праводзіцца праверка.
І зноў агонь
Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на пажар на вуліцу 1-ю Энгельса, што ў Шуміліне. У доме загарэлася дахавае пера-крыццё. Пажар патушаны, прычыны яго ўзнікнення высвятляюцца.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *