В районе завершается теребление льна

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Ад сініх кветак — да кашуляў дзетак
Сёлетняе надвор’е нібыта здзекуецца з льнаводаў: за месяц усяго аднойчы парадавала дажджом. А для вылежкі льняных стужак патрэбны туманы і дажджы. Пачалі церабіць лён 16 ліпеня, за дзень спраўляюцца амаль з трыццаццю гектарамі. Выцерабілі ўжо 60% плошчаў.
“Лён у параўнанні з мінулым годам нядрэнны, — расказала намеснік дырэктара ААТ “Шумілінскі льнозавод” Т. А. Баброва. — Пасевам вясной удзялілі дастаткова ўвагі. Якаснае насенне, сяўба ў тэрмін, угнаенні, сродкі аховы — усё зроблена як след. Ураджайнасць сёлета бу-дзе да 10 цэнтнераў з гектара ў пераразліку на валакно”.
Калі на мінулым тыдні мы завіталі ва ўрочышча Будобаль, там кіпела работа: 7 льнокамбайнаў адзін за другім плылі па льняным полі, пакідаючы за сабой стужкі. Лён высокі, чысты.
“Гэта толькі на першы погляд поле без агрэхаў, — расчаравалі нас механізатары. — Трапляюцца і травяністыя ўчасткі. Прыходзіцца прыпыняцца, прачышчаць камбайн. Зусім не на руку і палегласць.
Льнозавадчане ўжо выцерабілі лён у Горках, Полькавічах, Крывым Сяле і Слабадзе — усяго на 450 гектарах.
Як расказаў старэйшы з механізатараў А. С. Іваноў, за дзень адзін камбайнер паспявае выцерабіць па 5-7 гектараў. “Але льнокамбайн, у параўнанні з зернеўборачным, не можа працаваць позна вечарам, калі з’яўляецца нават невялікая раса, — адзначае механізатар Ю. А. Гарлачоў. — Камбайн пратэстуе, бо забіваецца сістэма”. І яшчэ ёсць у льнозавадскіх механізатараў прэтэнзіі да вытворцаў машын: няма ў кабінах кандыцыянераў. Вентылятары ў такую спякоту зусім не дапамагаюць. “Чамусьці большая ўвага ўсё ж хлебаробам, а мы ўжо на другім плане, — крыўдавалі механізатары. — У некаторых гаспадарках тры разы на дзень кормяць, а нас усяго адзін раз, ды і абеды маглі б быць лепшымі…”.
Хутка трасту пачнуць пераварочваць, гэты тэхналагічны працэс немалаважны для вылежкі сыравіны. На прадпрыемстве плануюць нарыхтаваць 1960 тон льнотрасты. Неўзабаве на першыя выцерабленыя ўчасткі выедуць 16 прэс-падборшчыкаў. Шлях ад сініх кветак да кашуляў дзетак доўгі і няпросты. Тым не менш, лён быў і застаецца візітнай карткай беларусаў.
Автор Лариса КИСЕЛЁВА.
Опубликовано в №61 от 10.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *