Анатоль Ліневіч правёў «прамую лінію» і прыём грамадзян у Шумілінскім раёне

Главное Новости Общество

Усе пытанні вырашальныя на мясцовым узроўні

12 студзеня памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч правёў «прамую лінію» і прыём грамадзян у Шумілінскім раёне.

Першай патэлефанавала жыхарка райцэнтра і паскардзілася на тое, што прыватныя крамы, што знаходзяцца каля яе ўчастка, спальваюць упакоўку і вельмі атручваюць жыццё: пах ад пластыку, які спальваюць, дым ад яго трапляе прама ў вокны, асядае на ўчастак. Памочнік Прэзідэнта даручыў раённым уладам разабрацца з праблемай, прыцягнуць экалагічныя, санітарныя службы, праверыць адпаведнасць будаўнічым нормам.
Грамадзянін, які пражывае на тэрыторыі раёна, узняў пытанні, што тычыліся выдзялення зямлі і пенсійнага заканадаўства. Яму растлумачылі, што пытанні вырашаюцца ў рамках дзеючага заканадаўства, персанальных выключэнняў не робіцца. Але заяўнік хацеў больш падрабязна растлумачыць свае пытанні пры асабістай сустрэчы, таму атрымаў прапанову запісацца на чарговы прыём грамадзян.
На прыём да Анатоля Ліневіча прыйшоў жыхар Шуміліна, які быў звольнены з лясгаса па медыцынскіх паказаннях. Ён лічыць, што яго звольнілі несправядліва і хацеў бы аднавіцца ў лясгасе. Спецыялісты лясгаса патлумачылі, што на прадпрыемстве няма вакансій па прафесіях, на якіх можа працаваць заяўнік. Памочнік Прэзідэнта прапанаваў заяўніку знайсці працу ў іншых арганізацыях раёна і даручыў раённым уладам вырашыць гэтае пытанне.
Жыхарка вёскі Гульбішча Мішневіцкага сельсавета прывезла на разгляд Анатоля Ліневіча цэлы шэраг праблем. Яна ўзняла праблему адсутнасці аб’ектаў грамадскага харчавання ў цэнтры Шуміліна: маўляў, калі з вёсак прыязджаем па справах у райцэнтр, то паесці няма дзе. Людзі спадзяваліся, што пасля “Дажынак” з’явіцца ў цэнтры кафэ ці кафетэрый, але навокал толькі прыватныя крамы. Заяўніцу і, па яе словах, жыхароў навакольных вёсак не задавальняе работа аўтамагазіна: недастатковы асартымент, адсутнасць цэннікаў, нізкая якасць абслугоўвання. Таксама вяскоўцаў хвалюе адсутнасць устойлівай мабільнай сувязі.
Дарэчы, па апошнім пытанні старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч патлумачыў, што ў першай палове 2022 года аператар мабільнай сувязі плануе мадэрнізацыю вышкі для павелічэння плошчы пакрыцця сувязі. Па астатніх пытаннях дадзены даручэнні вырашыць іх у вызначаныя тэрміны.
Жыхар аграгарадка Башні скардзіўся на недастатковы ціск у водаправодзе. Па тлумачэнні спецыяліста водаканала, неабходна перарабіць сістэму водаправода ў доме заяўніка. Дадзена даручэнне адпаведным службам разабрацца і вырашыць праблему.
– Хачу адзначыць адразу, здаецца, што пасля правядзення абласных «Дажынак», усе пытанні павінны быць зняты, але ўвесь час з’яўляюцца бытавыя праблемы, пытанні. Усе пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых уладаў, таму дадзены адпаведныя даручэнні, і ўсе пытанні будуць вырашаны на мясцовым узроўні, – падсумоўваючы вынікі прыёму грамадзян, сказаў Анатоль Ліневіч. – Самае галоўнае, што падчас такіх прыёмаў людзі бачаць, што могуць звярнуцца да чыноўніка любога ўзроўню і знайсці рашэнне свайго пытання.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №3 ад 14.01.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *