90 год. Дзякуй, што з намі!

Главное Новости

90 год. Дзякуй, што з намі!

90 гадоў таму, 24 студзеня 1932 года, выйшаў першы нумар газеты «Ленінскі шлях» Сіроцінскага раёна, паклаўшы тым самым пачатак яе цікавага, яркага і доўгага жыцця.

За гэты час над стварэннем газеты працавалі сотні людзей: рэдактары і карэспандэнты, адказныя сакратары і карэктары, друкары і аператары… Сёння калектыў рэдакцыі – 11 чалавек, маленькая, але дружная каманда, якая жыве сваёй справай, роднай газетай…
Няпростым і цярністым можна назваць шлях раённай газеты. Ішоў час, разам з ім мянялася і назва газеты: «Ленінскі шлях», «Сталінскі сцяг», «Запаветы Ільіча», «Герой працы». Змянілася назва раёна – Сіроцінскі стаў Шумілінскім. І раённая газета заўсёды жыла адным жыццём з краінай і родным раёнам. Усе 90 гадоў газета з’яўлялася правадніком ідэй стварэння, будаўніцтва светлай будучыні, перажывала нялёгкія гады перабудовы, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Газета і сёння імкнецца быць карыснай і цікавай, хаця ў стагоддзе інфармацыйных тэхналогій гэта вельмі няпроста. Але мы стараемся захаваць друкаванае слова і адначасова ідзём у нагу з часам.
У 2010-м годзе ў газеты з’явіўся сайт, ёсць групы ў сацыяльных сетках. Мы стараемся развіваць нашы інтэрнэт-рэсурсы. Усё гэта дазваляе дзяліцца нашымі навінамі і поспехамі землякоў з усім светам, а тым, хто жыве за межамі роднага раёна, быць у курсе жыцця на малой радзіме.
Юбілей газеты – гэта нагода азірнуцца назад і намеціць новыя планы і тэмы публікацый. У газеты – багатая гісторыя, нам ёсць чым ганарыцца, газеце заўсёды шанцавала на творчых людзей, у яе заўсёды было і ёсць шмат сяброў. Сёння гэта няпроста, але пяро журналіста не павінна прытупляцца. Мы будзем абавязкова рухацца наперад і шукаць новыя формы работы, весці дыялог з нашым чытачом. Разам з вамі мы пішам штодзённую гісторыю Шумілінскага раёна, расказваем пра жыццё і годных жыхароў зямлі шумілінскай.
Сто два нумары газеты за год атрымліваюць сёння нашы паважаныя чытачы. І нам прыемна, што ў гэтай кагорце людзі рознага ўзросту. Многія з іх чытаюць газету па 20, 30 і 40 гадоў, а нехта выпісаў яе першы раз. Мы дзякуем усім сябрам за падтрымку і разуменне.
Мы дакладна ведаем, што газета мае душу. Яна ўмее радавацца і засмучацца. Яна – мудрая, добрая, чулая і маладая…
З юбілеем, родная газета! Табе сёння – 90 гадоў, і мы верым, што ў цябе ёсць будучыня!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №5 ад 21.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *