Ін’екцыя страху

Общество

Ін’екцыя страху

Усім нам здаецца, што самае дрэннае, калі і здарыцца, то недзе і з некім,
але ўжо дакладна не з намі. Так, мы пастаянна чуем, што падлеткаў затрымліваюць за распаўсюджанне наркотыкаў і псіхатропаў.

Здаецца, нават разумеем, што такіх паведамленняў робіцца ўсё больш. Ды і настаўнікі ў школьныя чаты сталі кідаць падобную інфармацыю часцей. Калі шчыра, то чытаць усё гэта не хочацца. Таму што страшна. Немагчыма ўсвядоміць, што словы «наркотыкі» і «дзеці» можна ўжыць у адным сказе. Розум проста адмаўляецца ўспрымаць інфармацыю пра вялізныя тэрміны, якія могуць пагражаць падлеткам.
Але што такое сапраўдны жах, разумееш, толькі калі гэты чужы «сусвет» робіцца тваёй рэальнасцю. Напрыклад, калі фігурант чарговай справы пра распаўсюджанне наркотыкаў ходзіць у адзін клас з тваім сынам.
Нядаўняя навіна пра тое, што 9-класнік з Шуміліна затрыманы з наркотыкамі, ускалыхнула райцэнтр. Многія бацькі спалохаліся, што іх дзеці могуць быць уцягнуты ў гэту справу: раптам і ім прапаноўвалі падзарабіць ці паспрабаваць… Ніколі яшчэ праблема не падбіралася так блізка да жыхароў невялікага мястэчка.
Што ў такой сітуацыі рабіць? Падвоіць, а лепш патроіць колькасць прафілактычных гутарак у школе? Бацькам – яшчэ больш жорстка кантраляваць дзяцей?
Упэўнена, што школа выканала свае абавязкі па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін падлеткаў на ўсе сто, а можа і дзвесце працэнтаў. Праведзена дастатковая колькасць гутарак з дзецьмі, сустрэч з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, прадэманстраваны ўсе магчымыя «антынаркатычныя» відэаролікі. Хлопец здзейсніў злачынства на канікулах. Напэўна ж у школе ёсць цэлы план, закліканы заняць дзяцей у вольны ад навучання час цікавымі мерапрыемствамі. Можна не сумнявацца, што, ідучы на двухтыднёвы адпачынак, падлеткі праслухалі чарговую лекцыю пра тое, як трэба сябе паводзіць і што ім, у выпадку чаго, пагражае. Атрымліваецца, усе гэтыя велізарныя высілкі марныя? Дзіцё проста забірае наркотыкі са сховішча, фасуе на дозы і адпраўляецца рабіць закладкі…
Пытанне, як засцерагчы дзяцей ад гэтага жаху, па-ранейшаму застаецца адкрытым. Чаму адны трапляюць на кручок наркадылераў з інтэрнэту, пакуль іншыя стаяць у чарзе за булачкамі ў буфеце, і самы страшны іх сакрэт у тым, што сербанулі глыток шампанскага з бацькоўскага бакала?
Упэўнена, як бы ні імкнулася школа, толькі сям’я ў стане паўплываць. І я зараз не пра тое, што трэба закрыць дзяцей дома, чытаць іх перапіску ў сацсетках і падазраваць у страшных грахах. Я пра давер, любоў і сувязь паміж бацькамі і дзецьмі, якую ні з чым не зблытаеш. І пачынаць у 14 ужо позна. Калі да гэтага самыя блізкія людзі не цікавіліся жыццём дзіцяці, то з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што пад адным дахам з імі жыве ўжо зусім чужы чалавек. І не важна, як часта і наколькі дарагія падарункі яны яму рабілі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №6 ад 25.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *