23 февраля выбрали «Красу Шумилино — 2012»

Актуалии Общество

"Краса Шумилино-2012" Ирина Соловьёва

23 лютага ў гарадскім Доме культуры прайшоў конкурс прыгажосці “Краса Шуміліна-2012”. На мерапрыемстве прысутнічала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным.
Больш чым тры гадзіны канкурсанткі, у ролі якіх выступілі прыёмшчык заказаў “Шумілінарайгазу” Наталля Аляшкевіч, інжынер па ахове працы ДРБУ-204 Святлана Бельская, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Ганчарова, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Вольга Піліпёнак,  мастацкі кіраўнік гарадскога Дома культуры Ірына Салаўёва і агент па забеспячэнню “Шумілінарайгазу”  Таццяна Фядотава трымалі гледачоў у феерычнай атмасферы жаночай прыгажосці. Прадуманая конкурсная праграма ад творчай групы ГДК стала сапраўдным эстэтычным падарункам для гурманаў прыгожага, а крэатыўныя ідэі рэжысёра Святланы Дземідзенка і харэографа Наталлі Масюковай бліскуча рэалізавалі  шумілінскія прыгажуні. Праўда, у гэты вечар яўна можна было пашкадаваць членаў журы, якім прыйшлося выбіраць лепшую(дарэчы, у Дзень Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у складзе журы былі выключна мужчыны).
Першы выхад канкурсантак літаральна ўзарваў залу глядацкімі авацыямі. Стыльныя, мадэльныя, гарманічныя і проста прыгожыя… Яны павінны быць удзячны і цырульніцы Наталлі Судзько, якая сваімі шыкоўнымі прычоскамі яшчэ больш падкрэсліла прыгажосць і непаўторнасць кожнай.
Арыгінальна і творча падышлі да конкурсу візітак прыгажуні. Яны проста зачаравалі і заінтрыгавалі гледачоў. Кожнае выступленне – крэатыў прыгажосці і фантазіі… Усе ў чаканні выхаду першай канкурсанткі Таццяны Фядотавай, якая раптам з’яўляецца з-пад сцэны. А Святлану Бельскую дапамагла прадставіць яе дачка. Заўзяты цыганскі танец падарыла Марына Ганчарова. Пранікнёнай атрымалася аўтарская візітка ў Наталлі Аляшкевіч. Ірына Салаўёва прадэманстравала відэакліп пра адзін дзень свайго жыцця. А вось Вольга Піліпёнак за час візіткі тройчы паспела пераапрануцца.
Даспадобы прыйшоўся і стыль-конкурс, у якім дзяўчаты павінны былі праз макіяж, адзенне і рухі раскрыць свой унутраны патаемны свет. Мімалётна паўставалі і змяняліся вобразы жанчыны-рамантыкі, жанчыны-вамп, жанчыны-спорт, жанчыны-мілітары, жанчыны-спакусніцы, жанчыны-лісы.
Хапіла імправізацыі ў конкурсе сітуацый. Прыгажуні без праблем “выкруціліся” з сітуацыі: хтосьці скорагаворкай, нехта праз слова “да”…
Прыйшлося сабрацца з думкамі і ўспомніць кулінарна-рамантычныя сакрэты, якія ім спатрэбіліся пры сервіроўцы сталоў. Нашы прыгажуні з лёгкасцю могуць накрыць стол на любую падзею – гэта і пацвердзіў конкурс.
Які ж конкурс прыгажосці без дэфіле? Прыгажуні дэманстравалі і пляжныя касцюмы, выхадзілі ў вячэрніх і вясельных сукенках. Дарэчы, іх канкурсанткам прадаставіў віцебскі салон “Алена” (гаспадыня Алена Янчанка).
На завяршэнне мерапрыемства – творчы конкурс. Яскравы каскад вобразаў і перажыванняў не пакінуў раўнадушным нікога. Чуллівая малітва Таццяны Фядотавай, мініяцюра “Капрыз жонкі”  Вольгі Піліпёнак, усходні танец у выкананні Святланы Бельскай, лірычны дуэт Аляксея Цімафеева і Наталлі Аляшкевіч, і, нарэшце, вакальныя выступленні Марыны Ганчаровай і Ірыны Салаўёвай.
Па выніках мерапрыемства журы аддала званне “Лэдзі Чароўнасць” Марыне Ганчаровай, “Лэдзі Неардынарнасць” Святлане Бельскай, “Лэдзі Стыль” Вользе Піліпёнак, “Лэдзі Талент” Наталлі Аляшкевіч, “Лэдзі Фантазія” Таццяне Фядотавай. “Красой Шуміліна-2012” стала Ірына Салаўёва, карону новай каралеве прыгажосці ўручыла “Краса Шуміліна-2011” Ганна Іваноўская. Усе прыгажуні атрымалі каштоўныя

Анна Ивановская и Ирина Соловьёва

падарункі, спонсарам якіх выступілі “Прыазёрны мір”, “Ляжні”, аддзел культуры райвыканкама і аддзел па справах моладзі райвыканкама.
Прыз сімпатый гледачоў, спонсарам якога выступіла райспажыў-таварыства, дастаўся Ірыне Салаўёвай, а Святлана Бельская атрымала прыз сімпатый сайта  раённай газеты shumilinо.by.
P.S. Не абышоўся без сюрпрызаў  і паўторны паказ конкурсу прыгажосці “Краса Шуміліна-2012”. Усе канкурсанткі атрымалі адмысловыя прызы ад Юрыя Афанасьева, аднаго з вядучых мерапрыемства.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №17 ад 28.02.2012



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *