Вечная проблема: жильцы и ЖКХ – вражда, дружба или взаимоуважение и сотрудничество

Общество Экономика

Шумилино, улица Короткина, дом 11

Адказнасць і гаспадарлівасць
Ад жыльцоў шостага пад’езда дома № 11, што па вуліцы Кароткіна ў г. п. Шуміліна, у рэдакцыю раённай газеты звярнуўся жыхар гэтага дома Рубцоў М. Ф.
«1987 год для жыхароў дома № 11, што па вуліцы Кароткіна ў г. п. Шуміліна, стаў запамінальным: менавіта ў гэты год дом быў здадзены ў эксплуатацыю і пачалі выдавацца ордэры на засяленне. Атрымаць кватэру ў гэтым элітным доме была марай кожнага жыхара Шуміліна.
Але ніхто нават не здагадваўся, што чакала жыхароў гэтага элітнага на той час дома ў будучым. Праблемы пачалі ўзнікаць ужо праз год. Пастаяннае затапленне падвала каналізацыйнымі сцёкамі стала для жыльцоў ужо амаль нормай і кашмарам, ствараючы нязручнасці, псуючы жыццё і наносячы шкоду здароўю. На працягу дваццаці гадоў тысячы вусных і пісьмовых зваротаў у розныя інстанцыі не давалі вынікаў. Былі адны адпіскі.
Мяняўся час, распаўся СССР, нарадзілася новая маладая беларуская дзяржава, але толькі не змяніліся адносіны ЖКГ да выканання сваіх абавязкаў па абслугоўванню і ўтрыманню жылых дамоў. І вось нарэшце ў снежні 2011 года каналізацыйная сістэма была поўнасцю заменена. Здаецца, шматгадовая праблема была вырашана станоўча, можна было б уздыхнуць чыстым паветрам і забыцца пра гумавыя боты пры спробе зайсці ў падвал.
Але і зараз карыстацца падвальным памяшканнем не вельмі зручна. Праход разрыты, завалены будаўнічым смеццем і апілкамі. Водаправодныя трубы падцякаюць. Аконныя праёмы не зашклёныя, святла няма, электраправодка вісіць, як павуцінне.
Без падрыхтоўчых работ, без усялякай зачысткі забялілі вапнай дзесяцігадовы бруд, пыл і павуцінне на сценах падвала, заадно чамусьці і ўсе дзверы…
Але, як кажуць, адна бяда не ходзіць. Пачаліся праблемы з вентыляцыйна-выцяжной сістэмай у доме і кватэрах, якія дапамаглі часткова вырашыць толькі спецыялісты з Віцебска.
Нядоўга, усяго год пяць, радаваліся жыльцы. А пасля перасталі грэць сушылкі для ручнікоў у ванных пакоях.
З моманту здачы дома ў эксплуатацыю і да сённяшняга часу ЖКГ не вяло добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі, праезная частка дарогі стала горш за танкадром, з ёй амаль зраўняліся тратуарныя дарожкі.
Касметычных і бягучых рамонтаў у пад’ездах сіламі ЖКГ не праводзілася.
І ўсё гэта тады, калі мы з’яўляемся добрасумленнымі плацельшчыкамі за ўсе жыллёва-камунальныя паслугі.
Узнікае пытанне: за што мы плацім? Чаму парушаюцца нашы правы як спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг?..»
Рэдакцыя атрымала адказ на крытычны ліст за подпісам в. а. дырэктара УП ЖКГ  А. М. Догеля.
…УП ЖГГ з’яўляецца абслугоўваючай арганізацыяй, якая аказвае паслугі па бягучым утрыманні і рамонце жыллёвага фонду, яго захаванню. З-за абыякавых (у свой час) адносін да праектавання і будаўніцтва дома № 11 сеткі каналізацыі не маглі поўнасцю адпавядаць свайму прызначэнню, а менавіта ў такім стане дом быў перададзены ЖКГ на абслугоўванне.
У лісце гаворыцца аб адносінах спецыялістаў УП ЖКГ да сваіх абавязкаў. Многія моманты сапраўды маюць месца, і на прадпрыемстве прымаюцца меры па выкараненні выпадкаў фармалізму, няўважлівых адносінаў да людзей, да іх скаргаў. Ва ўмовах абмежаванага фінансавання (дарэчы, насельніцтва аплачвае менш за трэцюю частку выдаткаў за атрымліваемыя паслугі) і высокіх патрабаванняў да якасці абслугоўвання, робіцца ўсё магчымае для падтрымання захаванасці жыллёвага фонду і забеспячэння работы інжынерных сетак жылых дамоў, утрымання прыдамавых тэрыторый.
Безумоўна, за працяглы тэрмін праблем з каналізацыяй у падвале дома № 11 пагоршыўся стан і іншых інжынерных сетак. Патрабуецца правядзенне работ па аднаўленню нармальнага тэхнічнага і санітарнага  стану. Такія работы запланаваны і будуць выконвацца.
Аднак і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі практычна штодзень сутыкаюцца з фактамі парушэнняў (часам незразумелых нармальнаму чалавеку) правілаў карыстання жылымі і памяшканнямі агульнага карыстання. З каналізацыйных труб і калодзежаў, у тым ліку і гэтага дома, неаднойчы рабочыя выцягвалі рэшткі зімовых прыпасаў (салёныя агуркі, квашаную капусту, гнілую бульбу), розныя анучы і нават прадметы адзення і бялізны! Гэта не работнікі УП ЖКГ закідваюць па начах у падвалы груды пластыкавых бутэлек, пабітыя шклянкі і ўнітазы, старую мэблю… Між іншым, за вясну-лета 2011 года, калі выконваліся работы па ачыстцы падвала ад смецця, работнікамі ЖКГ было вывезена 24 прычэпы (!) розных адыходаў. Але за невялікі перыяд, які прайшоў з часу той уборкі, намаганнямі “невядомых асоб” аб’ёмы смецця ў падвале зноў набліжаюцца да ўказаных вышэй памераў…
Прыдамавая тэрыторыя, дзе не адзін дзясятак год пераязджалі праз бардзюры, каб прыпаркаваць аўтамабілі на газонах, у выніку мае і бардзюры, і газоны толькі на праекце.
Безумоўна, нашы грамадзяне маюць права на атрыманне якаснай паслугі. Дык разумна і ад грамадзян, якія жадаюць пражываць у камфортных і санітарна-станоўчых умовах, адчуць павагу і адказнасць, у першую чаргу перад сабой, і перад сваімі суседзямі”.
Звяртае Аляксей Мікалаевіч увагу і на стан пад’ездаў, дзе нават у новабудоўлях ужо размаляваныя і забруджаныя сцены і падлога, пабітыя вокны, а гаспадары не глядзяць ні за сваімі дзецьмі, ні за прыручанымі катамі і сабакамі…
Падрыхтавала Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў  №17 ад 28.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *