На заседании райисполкома рассматривались вопросы подготовки к посевной и кадрового обеспечения

Актуалии Президент

Перед заседанием райисполкома его участники посетили ДРСУ-204

Кадры па-ранейшаму рашаюць усё
Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта прайшло ў мінулую пятніцу пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама У. П. Кураннога.
Спачатку адбыўся выезд  на ДРБУ-204, які быў павінен прадэманстраваць парадак на тэрыторыі прадпрыемства. Тэхніка, рамонтныя майстэрні, офіс – старшыню райвыканкама цікавіла ўсё. І амаль усё яго не задаволіла. Куранны заявіў, што аналагічныя выезды будуць праводзіцца раз у месяц на тое ці іншае прадпрыемства, у тым ліку і сельскагаспадарчае. Усюды без выключэння павінен быць парадак, як на галоўнай плошчы горада, так і на ферме. Парадку, дарэчы, не было і на тэрыторыі ЖКГ (туды заехалі знянацку), і наогул у горадзе. Жорсткай крытыцы была падвергнута работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Уладзімір Пятровіч запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў зладжанай работы па навядзенні парадку на сваіх тэрыторыях. У горадзе павінна быць прыгожа, адміністрацыйныя будынкі павінны быць падсвечаны, падыходы вызвалены ад снегу і бруду, людзям павінна быць прыемна жыць і працаваць у Шуміліне — не стамляўся паўтараць кіраўнік раёна.
Пленарная частка пасяджэння прайшла ў вялікай зале Дома Саветаў. На парадак дня было вынесена некалькі актуальных пытанняў:
– “Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення вясенніх палявых работ” (дакладчык – першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч);
– “Аб рабоце сельскагаспадарчых арганізацый раёна па прафарыентацыі і замацаванні кадраў на сяле ў рамках рэалізацыі раённай комплекснай праграмы “Кадры на 2011—2015 гады” (дакладчык – начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н. У. Захарава);
– “Аб стане і перспектывах развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна” (дакладчык – начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук);
– “Забеспячэнне захавання ўласнасці і папярэджанне крадзяжоў на тэрыторыі Шумілінскага раёна” (дакладчык – начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў В. В. Мядзвецкі);
– “Аб выніках выканання Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе і задачах на 2012 год” (дакладчык – начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава).
Усе гэтыя тэмы ўзаемазвязаны, падкрэсліў У. П. Куранны пры абмеркаванні пытанняў. Галоўнае ж – кадры. Калі мы будзем займацца кадрамі, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч, рыхтаваць іх са школы, падтрымліваць у гады вучобы (у тым ліку і дадатковай стыпендыяй), ствараць умовы маладым спецыялістам, тады будзе каму ў нас і на трактары араць, і кармы рыхтаваць, і культурную спадчыну захоўваць.
Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення вясенніх палявых работ далажыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В. В. Родзіч. Віктар Віктаравіч агучыў даведзеныя на бягучы год заданні па вытворчасці асноўных відаў прадукцыі раслінаводства:
Зерня ў бункернай вазе нарыхтаваць 68 тысяч тон з 17,4 тыс. гектараў пры сярэдняй ураджайнасці 39,1 ц/га;
Бульбы ў першачарговай вазе – 8000 тон з плошчы 200 га пры сярэдняй ураджайнасці 400 ц/га;
Насення рапсу ў бункернай вазе – 10500 тон з плошчы 4200 га пры сярэдняй ураджайнасці 25 ц/га;
Льновалакна – 800 тон з плошчы 800 га пры сярэдняй ураджайнасці 10 ц/га;
Зялёнай масы кукурузы – 154 тыс. тон з плошчы 5700 га пры сярэдняй ураджайнасці 270,2 ц/га.
Начальнік райсельгасхарчу адзначыў, што пад запланаваныя аб’ёмы вытворчасці сельскагаспадарчыя арганізацыі восенню пасеялі азімыя зерневыя культуры на плошчы 9000 га.
В. В. Родзіч далажыў, што для правядзення сяўбы яравых зерневых і зернебабовых культур у раёне засыпана 2750 тон насення пры патрэбе 2586 тон. Усё насенне адпавядае пасяўным кандыцыям.
Для пасадкі бульбы на плошчы 200 га трэба 700 тон клубняў, у наяўнасці – 1251 тона.
ААТ “Шумілінскі льнозавод” мае 96 тон насення льну, што складае 100% да патрэбнага.
З неабходных 135 тон насення шматгадовых траў нарыхтавана 124 тоны. Завезена 9 тон канюшыны (старшыня райвыканкама ставіў задачу мець на кожную гаспадарку не менш чым па 3 тоны – рэд.)
Пад запланаваны ўраджай трэба мець 9700 тон мінеральных угнаенняў, забяспечанасць складае 25,2%. Раён атрымае 135 мільярдаў рублёў крэдытных рэсурсаў на пакупку мінеральных угнаенняў.
На 22 лютага пад ураджай 2012 года сельскагаспадарчымі арганізацыямі ўнесена 161,5 тыс. тон арганічных угнаенняў – 58% да задання.
Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання зацвердзіла праграму падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ.
У раёне ёсць 281 трактар (232 з іх спраўныя), у тым ліку Беларус 2522/2822/3022 – 25 адзінак, К-700/701/744 – 9 адз., МТЗ-1221 – 67 адз. З 34-х энерганасычаных трактароў спраўныя 32.
У гаспадарках раёна маецца 38 глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 25 з іх адрамантаваны.
Аграрыі раёна павінны выйсці да канца года на 198% па вытворчасці прадукцыі – такую задачу паставіў старшыня райвыканкама. Гэта абавязвае да вельмі сур’ёзнага падыходу, усе работы весці ў комплексе і ў акрэсленыя тэрміны. А на чале павінна стаяць бездакорная працоўная дысцыпліна.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *