Уладзімір Петухоў «Міліцыянер павінен быць патрыётам сваёй краіны»

Новости Общество

«Міліцыянер павінен быць патрыётам сваёй краіны»

4 сакавіка – Дзень міліцыі. Напярэдадні свята пра крымінагенную абстаноўку ў раёне, міліцэйскія будні і работу на новай пасадзе гутарым з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў, падпалкоўнікам міліцыі Уладзімірам Сямёнавічам Петуховым.

– Уладзімір Сямёнавіч, чаму вы сваё жыццё прысвяцілі службе ў міліцыі?
– Калі шчыра, дык людзі ў пагонах мне падабаліся з дзяцінства. Але з будучай прафесіяй вызначыўся толькі ў выпускным класе. У Браславе, адкуль я родам, у аддзеле ўнутраных спраў была добра пастаўлена агітацыйная работа, напэўна, гэта і дало штуршок таму, што я паступіў у Магілёўскую школу міліцыі, пасля заканчэння якой быў накіраваны ў Кастрычніцкі РАУС горада Віцебска. Там 18 гадоў адпрацаваў на розных пасадах у крымінальным вышуку, мяне прызначылі начальнікам гэтай службы. Завочна закончыў Акадэмію МУС па спецыяльнасці «правазнаўства». Дадаткова прайшоў двухгадовае абучэнне па спецыяльнасці «ўпраўленне органамі ўнутраных спраў».
– А як вы апынуліся ў Шуміліне?
– У лістападзе 2019 года мяне прызначылі першым намеснікам начальніка Шумілінскага РАУС. Так што прыйшлося памяняць месца жыхарства.
– Вы меркавалі, што зоймеце пасаду начальніка міліцыі?
– Як кажуць, дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам. І гэта нармальнае жаданне для ваеннага чалавека. Я заўсёды хацеў рухацца наперад па кар’ернай лесвіцы. Гэтае жаданне не знікла і зараз. Начальнікам РАУС працую з 25 лістапада мінулага года.
– З якім настроем вы сталі на чале райаддзела?
– З баявым, нацэленым на плённы вынік. Спецыфіка работы ў Шуміліне адрозніваецца ад гарадской. Тым не менш тут свае нюансы, і ў супрацоўнікаў райаддзела не меншая нагрузка, чым у іхніх віцебскіх калег.
– Як вы лічыце, вам пашанцавала з калектывам?
– Безумоўна. Шумілінскія міліцыянеры ўмеюць працаваць на прафілактыку, прадухіляць злачынствы, а гэта ў нашай службе дарагога каштуе.
– Напэўна, плённая работа бачна па выніках мінулага года?
– Гэта так. За мінулы год па многіх пазіцыях спрацавалі намнога лепш. Летась па лініі крымінальнага вышуку было зарэгістравана 113 злачынстваў, 87 з іх (77%) раскрыта. У параўнанні з папярэднім годам раскрывальнасць павысілася на 4,4%. Увогуле злачыннасць у раёне стала ніжэй прыкладна на 15%. Устаноўлены падазраваемыя па ўсіх відах цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Знізілася колькасць злачынстваў у грамадскіх месцах, а таксама здзейсненая раней судзімымі і асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Як сведчыць статыстыка, штогод зніжаецца ўзровень злачыннасці на дзесяць тысяч насельніцтва. У мінулым годзе гэтая лічба стала менш на 13%. І ў гэтым вялікая заслуга ўсіх службаў райаддзела, кожнага шумілінскага міліцыянера. Толькі ва ўзаемадзеянні ўсяго асабістага саставу РАУс можна дабіцца найлепшых вынікаў.
– Разам з гэтым ёсць і праблемы, якія хвалююць начальніка РАУС?
– Ёсць. І гэта звязана са злачынствам, якое зафіксавана ў пачатку года, калі шумілінскі падлетак рабіў закладкі наркатычных сродкаў у абласным цэнтры. Калі летась за цэлы год не зафіксавана ніводнага злачынства ў сферы наркагандлю, то сёлета ўжо адно ёсць. Значыць, ёсць накірункі, якім мы будзем удзяляць больш увагі. Будзем сёлета планаваць работу так, каб разам з педагогамі працаваць на прафілактыку ва ўстановах аддзела адукацыі раёна, сустракацца не толькі са школьнікамі, але і з іх бацькамі. У большай ступені будзем працаваць па прафілактыцы кіберзлачынстваў, забяспечваць узмоцненую дарожную бяспеку.
– Як арганізаваны ваш рабочы дзень?
– Рабочы дзень – з сямі гадзін раніцы. І пачынаецца ён з дзяжурнай часці: трэба прааналізаваць аператыўныя зводкі, азнаёміцца з матэрыяламі па выкліках. Потым змена дзяжурстваў, інструктаж супрацоўнікаў, міні-нарада з намеснікамі і старшымі службаў, а вечарам – падвядзенне вынікаў работы.
– Начальнік міліцыі – гэта не толькі кабінетная работа, як часта прыходзіцца выязджаць на месцы здарэння?
– Выязджаю на ўсе здарэнні, дзе зафіксаваны прыкметы злачынстваў. Гэта не значыць, што не давяраю калегам. Працуем з аператыўнай групай – разам лягчэй. Хапае і папяровай работы, але мне па душы больш жывая – з задавальненнем прымаю ўдзел у выездах на здарэнні. Лічу, што начальнік там павінен быць, каб на ўсе 100% валодаць аператыўнай абстаноўкай у сваім рэгіёне.
– Калі ў дзяжурную часць паступае больш паведамленняў?
– Не ўгадаеш, калі паведамленняў і зваротаў бу-дзе больш – у выхадныя ці буднія дні. Што тычыцца святочных дзён, то міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Так неслі службу ў навагоднюю ноч, якую і я разам з калегамі правёў на вуліцах райцэнтра. Не было зафіксавана ніводнага злачынства. Калі браць ў сярэднім, то за суткі ў дзяжурнай часці фіксуецца да 15 паведамленняў рознага характару.
– Ведаем, што з ліку грамадзянскага насельніцтва вы падрыхтавалі некалькі кандыдатур да службы. А якім на вашу думку павінен быць міліцыянер?
– Перш за ўсё – патрыётам сваёй краіны і чалавекам мэтанакіраваным. Калі апрануў форму, прысягнуў Айчыне, значыць, павінен яе абараняць, а таксама законныя правы і інтарэсы людзей, якія тут жывуць.
– Чаму ўдзяляеце асаблівую ўвагу падчас работы з асабовым саставам?
– Перш за ўсё стараемся стварыць усе ўмовы для службы. Кожны з супрацоўнікаў павінен быць працаздольным. Таму асаблівая ўвага рабочым месцам, матэрыяльнаму дабрабыту, стварэнню спрыяльных умоў для нясення службы. Што тычыцца работы супрацоўнікаў РАУС з насельніцтвам, то першачарговае значэнне ўдзяляецца прафілактыцы рознага роду злачынстваў.
– Як адпачываеце ад працоўных будняў?
– У мяне надзейны тыл – мая сям’я. Вольны час правожу з жонкай, школьніцай-дачкой, дарослым сынам (яму 22 гады). У летні перыяд часта бываем на дачы. Калі дазваляе час, люблю парыбаліць, паслухаць песні майго любімага выканаўцы Мікалая Растаргуева, а таксама Уладзіміра Высоцкага. Сустракаюся з сябрамі, якіх у мяне даволі многа. Ну, а вечарамі з жонкай любім прагульвацца да Шумілінскага сасонніка, любавацца краявідамі і той прыгажосцю, якая зроблена ў Шуміліне падчас падрыхтоўкі да «Дажынак».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №16 ад 01.03.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *