«Парни нашего города»

Главное Культура Молодёжь

«Хлопцы нашага горада»

4 сакавіка ў раённым цэнтры культуры прайшоў  конкурс «Хлопцы нашага горада»

    Меркавалася правесці яго да 23 лютага, але з-за эпідсітуацыі перанеслі. У выніку атрымаўся цудоўны падарунак жанчынам да 8 сакавіка. Яркае шоу сабрала поўную залу. З аднаго боку прыйшлі падтрымаць сваіх канкурсантаў калегі і сваякі, з другога – шумілінцы, якія засумавалі па масавых забаўляльных відовішчах. І, трэба адзначыць, ніхто не прагадаў. Конкурс атрымаўся вясёлы, яго ўдзельнікі прадэманстравалі свае творчыя таленты, стварыўшы для гледачоў святочную атмасферу.

  Намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Святлана Цімашэнка ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў павіншавала прысутных жанчын з надыходзячым святам, выказала самыя лепшыя і цёплыя пажаданні. Святлана Віктараўна ўручыла дыпломы намінантаў звання «Жанчына года-2021» выкладчыку Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Алене Сініцкай і брыгадзіру фермы УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Наталлі Быкавай.

 

  А пасля пачаўся конкурс. Выканаць першае конкурснае заданне – прадставіць «Візітку» – канкурсантам дапамагалі калегі, сябры, члены сям’і. Дзмітрый Галуза з лясгаса, Андрэй Трафімаў з раённага цэнтра культуры, Міхаіл Корзан з аддзела па надзвычайных сітуацыях, Міхаіл Жукаў з раёна газазабеспячэння, Ігар Масько з ПМК-70 – кожны нумар быў індывідуальны, запамінальны.

Не менш бліскучымі былі выступленні канкурсантаў у апошнім конкурсным заданні «Хто на што здольны»: гумарэскі, інструментальная музыка, песні, танцы, дынамічны музычны кліп… Трэба заўважыць, што журы на чале са Святланай Цімашэнка было няпроста.

 

Вырашальным стала другое заданне конкурсу «Цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі». Не кожны змог пазнаць 12 кветак ці вызначыць па кадры стары фільм, расшыфраваць святочнае пасланне ці адціснуцца ад падлогі, апрануць за 45 секунд плашч-накідку і каску.

  Па суме ўсіх конкурсных выпрабаванняў пераможцам стаў Дзмітрый Галуза, які атрымаў галоўны прыз, спонсарам якога выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Старшыня аб’яднання член журы Наталля Хамаганава павіншавала пераможцу і ўручыла яму сертыфікат у «5 элемент» на 100 рублёў. Намінацыю «Адкрыццё года» журы прысу-дзіла Андрэю Трафімаву, «Эталонам стойкасці і вытрымкі» прызнаны Ігар Масько, а «Эталонам мужчынскага абаяння» – Міхаіл Корзан, Міхаіл Жукаў атрымаў намінацыю «Артыст вялікіх і малых сцэн», яму ж дастаўся прыз сімпатый гледачоў, які прысуджаўся па выніках СМС-галасавання. Усе канкурсанты атрымалі прызы ад арганізатараў – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённага цэнтра культуры.

  Дзве гадзіны праляцелі як адно імгненне. Гледачы шчыра дзякавалі арганізатарам і ўдзельнікам конкурснай праграмы за падораныя станоўчыя эмоцыі і сапраўдны веснавы настрой.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *