Эколагі аб выпальванні травы: гэта злачынства супраць прыроды

Новости Экология

Эколагі аб выпальванні травы: гэта злачынства супраць прыроды

Фота з архіва
30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выпальванне сухой расліннасці тоіць у сабе негатыўныя наступствы. Кожны акт падпалу травы — гэта злачынства супраць прыроды, заявілі карэспандэнту БЕЛТА ў Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У камітэце расказалі аб асноўных памылках, якія ўзнікаюць у насельніцтва адносна травяных выпальванняў. «Лічыцца, што травяное выпальванне спыніцца само па сабе і не ўяўляе ніякай пагрозы для прылеглых тэрыторый. Сустракаюцца памылковыя думкі, што травяныя выпальванні ніяк не ўплываюць на здароўе людзей і, больш таго, садзейнічаюць стымуляцыі росту новай расліннасці. Важна памятаць аб тым, што, насуперак распаўсюджанай памылцы, звяры і птушкі не паспяваюць уцячы або вылецець з месца пажару. Акрамя таго, выпальванне сухой расліннасці не з’яўляецца спосабам прагрэць глебу і ўнесці ў яе ўгнаенні ў выглядзе попелу. Яшчэ адным шкодным фактарам травянога пажару з’яўляецца тое, што ён мае доўгатэрміновыя наступствы», — падкрэслілі ў камітэце.

У выпальванні сухой расліннасці шмат іншых небяспечных наступстваў як для навакольнага асяроддзя, так і для здароўя чалавека. Выпальванне прыводзіць да запаволення развіцця травастою, змяняе склад флоры і значна абядняе раслінныя асацыяцыі. Гэта наносіць незаменную шкоду навакольнаму асяроддзю. Выпальванні з’яўляюцца згубнымі для насякомых, дробных жывёл. Яны прыводзяць да знішчэння месцаў пражывання птушак і іншых жывёл. Прадукты гарэння, у тым ліку вуглякіслы газ, які выдзяляецца ў атмасферу, аказваюць шкоднае ўздзеянне на здароўе чалавека.

Акрамя злачынства супраць прыроды, выпальванне сухой расліннасці таксама з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Адпаведнымі артыкуламі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за розныя віды парушэнняў. Так, за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне, якое не прывяло да нанясення ўрону, прадугледжана папярэджанне або штраф у памеры да 25 базавых велічынь. За тое ж парушэнне, але ўжо са знішчэннем або пашкоджаннем тарфянікаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, накладаецца штраф ад 25 да 50 БВ. Што датычыцца незаконнага выпальвання сухой расліннасці альбо непрыняцця мер па ліквідацыі выпальванняў, то за такія правапарушэнні накладаецца штраф ад 10 да 40 БВ.

Адказнасці падлягаюць і тыя грамадзяне, якія раскладаюць вогнішчы ў забароненых месцах. «Такое правапарушэнне прыводзіць да папярэджання ці накладання штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь. За незаконнае выпальванне сухой расліннасці прадугледжваецца кампенсаванне ўрону, нанесенага навакольнаму асяроддзю, у памеры ад 25 да 100 базавых велічынь у залежнасці ад катэгорыі і віду зямель. Нанясенне матэрыяльнага ўрону ў буйным памеры ў выніку выпальвання сухой расліннасці і невыкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі прыводзіць да крымінальнай адказнасці», — папярэдзілі ў камітэце.-0-



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *