Победила команда «Сигнал» с Никитихинской СШ

Актуалии

«Сігнал» з Мікіціхі – у пераможцах

На базе СШ №1 г. п. Шуміліна прайшоў раённы этап абласнога злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху. Яго арганізатарамі сталі ДАІ РАУС, аддзел па адукацыі і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы цэнтр дзяцей і моладзі.Перад удзельнікамі конкурсу выступіў начальнік РАУС Уладзімір Петухоў. Ён падзякаваў дзецям за ўдзел у конкурсе, пажадаў поспехаў і перамог, выказаў упэўненасць, што школьнікі будуць законапаслухмянымі ўдзельнікамі дарожнага руху.

Конкурс праходзіў паэтапна па некалькіх намінацыях. Нялёгка было вызначыць, што  даецца дзецям цяжэй – фігурнае ваджэнне веласіпеда, тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху ці конкурс па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Пасля праходжання ўсіх этапаў конкурсу дзеці сабраліся ў актавай зале школы, каб ацаніць школьныя газеты па прапагандзе ведаў па правілах дарожнага руху і паглядзець выступленні агітбрыгад.

Журы вызначыла пераможцаў у кожнай намінацыі. Так, у фігурным ваджэнні веласіпедаў першае месца заняла каманда Мікіціхінскай школы, другое – Мішневіцкай, трэцяе – СШ №1. У індывідуальным заліку перамаглі Паліна Арцёменка з Мішневіцкай школы і Назар Алёшкін з СШ №2. Дзяцей  віншавала прадстаўнік раённай арганізацыі «Белая Русь» Аксана Талстая, якая ўручыла дыпломы і падарункі.

У тэарэтычным экзамене на веданне Правілаў дарожнага руху перамагла каманда СШ №1, другое і трэцяе месца – у каманд з Мікіціхінскай і Обальскай школ адпаведна. У індывідуальным заліку не было роўных Віталю Алімаву з Обалі і Паліне Арцёменка з Мішневіч. Прызы і дыпломы дзецям уручыў старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў. Ён жа віншаваў дзяцей за агітацыйна-мастацкае прадстаўленне (прызавыя месцы ў Мікіціхінскай школы, Обальскай і Мішневіцкай).

Для намінацыі «Аказанне першай медыцынскай дапамогі» прызы падрыхтавалі работнікі райбальніцы – сертыфікат на наведванне картынг-клуба ў Віцебску і алмазную мазаіку. У індывідуальным заліку тут перамаглі Ілья Бараноўскі з Обалі і Дар’я Сахно з СШ №1. Каманды-пераможцы вызначыліся наступным чынам: СШ №1, Обальская СШ, Мікіціхінская СШ.

Для намінацыі «Газета» прызы падрыхтавала рэдакцыя газеты «Герой працы» (перамаглі каманды Обальскай, Кардонскай школ і СШ №1).

Па выніках усіх конкурсаў першае месца ў  каманды «Сігнал» з Мікіціхінскай школы, другое – у СШ №1, трэцяе – у Обальскай школы. Камандзе-пераможцы ўручыў прыз (баскетбольны мяч) райкам ГА БРСМ. Вучні з Мікіціхі прымуць удзел у рэгіянальным этапе конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, які пройдзе на наступным тыдні ў Полацку.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №26 ад 08.04.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *