Воспоминания бывшей узницы Раисы Сафоновой

Общество

«Ад страху камянелі рукі і ногі»

11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Пачатак 1941 года асацыіраваўся ў дзіцячай памяці Раісы Сафонавай (Паўтарэнка) з новым домам, які пабудавалі бацькі ў в. Доўгая Ніва Спаскага сельсавета. Жыць бы і радавацца. Але  ў час вайны было не да усмешак і не да радасці…

«Помню, як да нас у двор завіталі немец і паліцэйскія, – згадвае Раіса Антонаўна. – Я схавалася за бярвёны недабудаванай веранды і ляжала там, пакуль не паклікалі ў хату. Немец паказаў мне на падпечак, дзе ў нас жылі дзве курыцы, загадаў дастаць іх. Я справіла такі гвалт, што паліцэйскія махнулі рукой, нешта сказалі немцу і сышлі з хаты. Тады я, шасцігадовая дзяўчынка, не думала, што асноўныя выпрабаванні для нашай сям’і наперадзе».

Бацька Раісы, Антон Ерафеевіч, змагаўся ў партызанскім атрадзе. Жонцы і дзецям было небяспечна заставацца ў вёсцы, таму Кацярына Дзянісаўна  з дзвюма дачкамі перабраліся ў Сіроціна да бацькі. А калі паліцэйскім стала вядома іх месца знаходжання, то сталі блукаць ад адной вёскі да другой. Да фашыстаў трапілі дзесьці на Обальшчыне. Многа мясцовых жыхароў пагрузілі ў вагоны і павезлі ў Полацк – там размяшчаўся лагер для ваеннапалонных.

«Перад вачыма, як зараз, вялізныя баракі, дзе мы жылі, з двухпавярховымі драўлянымі палацямі, – кажа Раіса Антонаўна. – Нас, дзяцей, размясцілі на другія паверхі. І мы баяліся адтуль зваліцца і пакалечыцца. Старэйшых разам з бацькамі немцы прымушалі працаваць на будаўніцтве дарог, на разгрузцы вугалю, на расчыстцы снегу, на ўборцы тэрыторыі. З мяне і маёй малодшай сястры Галі, якой было пяць гадоў, у рабоце, самі разумееце, толку вялікага не было. Мы сядзелі ў бараках ці знаходзіліся на рабоце побач з маці. Што запомнілася ў лагеры? Першае – гэта страх. Мы бачылі, як мёртвых людзей выкідвалі з палацяў за акно, а потым гэтак жа, як дровы, закідвалі ў машыну і кудысьці вывозілі. Ад баланды, якой нас кармілі, у мяне ўвесь час балеў жывот і цягнула на рвоту. Таму я вельмі баялася, што магу быць наступнай, каго выкінуць праз акно. Страх быў настолькі моцным, што калі нас збіралі на пастраенне і правяралі па спісе, у мяне камянелі рукі і ногі. Я нават не магла выйсці, калі называлі мой нумар. І зямлячка з Доўгай Нівы Марфута Аліпава таўхала мяне ў плечы, каб я зрабіла крок наперад. Увогуле ў лагеры нас было 45 дзяцей-вязняў. Помню яшчэ Валянціна Ягадку, які быў родам з Лескавіч».

Раіса Сафонава прабыла з маці і сястрой ў лагеры год. Пасля вызвалення раёна вярнуліся ў Сіроціна. А калі бацька вярнуўся з вайны, жылі ў Мазурыне, дзе Антон Ерафеевіч Паўтарэнка працаваў старшынёй мясцовага калгаса. Пасля заканчэння школы Раіса Сафонава вывучылася на настаўніцу пачатковых класаў, працавала ў школе-інтэрнаце ў Лескавічах, а потым – інспектарам раённага аддзела адукацыі  і настаўніцай у СШ №1 г. п. Шуміліна. І зараз ветэран працы жыве ў райцэнтры, чакае ў госці сына, дачку і пяцёра ўнукаў.

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Надрукавана ў №26 ад 08.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *