Наш земляк погиб под небом Кубани

Актуалии

Загінуў пад небам Кубані

 Краснадарскай пошукавай арганізацыяй «Кубанскі плацдарм» у ходзе правядзення планавых пошукавых работ на тэрыторыі Краснадарскага краю ў мінулым і гэтым гадах былі знойдзены і даследаваны месцы па-дзення двух самалётаў І-16, знойдзены астанкі пілотаў. Пошукаваму атраду ўдалося знайсці нумарныя дэталі самалётаў, якія дапамагалі ўстанавіць імёны лётчыкаў і падрабязнасці іх гібелі. Валанцёры пошукавага атрада  «Разведчыкі воінскай Славы» г. Наваполацка па просьбе кубанскіх пошукавікоў шукаюць сваякоў малодшага лейтэнанта  лётчыка Сцяпана Сямёнавіча Кавалёнка, які прапаў без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Маці лётчыка Стэфаніда Парфенаўна Кавалёнак пражывала ў вёсцы Крывое Сяло Бешанковіцкага раёна. Дарэчы, яго сваякі маглі пражываць не толькі ў Шумілінскім ці Бешанковіцкім раёнах, але і ў суседніх.

Звесткі пра лётчыка-героя і яго сваякоў можна паведаміць пошукаваму атраду з Наваполацка па тэл. +375 29 8951123.

Наш зямляк малодшы сяржант Сцяпан Сямёнавіч Кавалёнак, які нарадзіўся ў 1917 годзе ў в. Крывое Сяло Каўлякоўскага сельсавета, ваяваў у 116-м знішчальным авіяпалку 295-ай знішчальнай авіядывізіі 5-й паветранай арміі Паўночна-Каўказскага фронту з 1 студзеня 1943 года.

Вядома, што старшы пілот 116-га знішчальнага авіяпалка Сцяпан Кавалёнак за кароткі тэрмін знаходжання на фронце зрабіў 22 баявыя вылеты на прыкрыццё штурмавікоў Іл-2. Ва ўсіх выпадках штурмавікі надзейна былі прыкрыты ўмелымі манеўрамі малодшага лейтэнанта Кавалёнка. Ён правёў чатыры групавыя паветраныя баі і адзін індывідуальны, у выніку якога збіты адзін МЕ-109. 8 лютага 1943 года падчас паветранага бою ля Новарасійска Сцяпан Кавалёнак, прыкрываючы штурмавы ўдар ІЛ-2, заўважыў варожы Ю-88, які хацеў збіць наш дэсант. Смелымі атакамі наш зямляк прымусіў варожага пілота скінуць беспрыцэльна бомбы на свае войскі і збегчы.

За баявыя заслугі Сцяпан Сямёнавіч Кавалёнак быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (загад па 5-й паветранай арміі Паўночна-Каўказскага фронту ад 17 лютага 1943 года).

Але 11 лютага 1943 года ён не вярнуўся з баявога вылету…

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Надрукавана ў №27 ад 12.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *