В Шумилинском районе студенческие отряды убирают свёклу и картошку

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство

На буракі – у “Сіроцінскі”, на бульбу – у “Раднік”
У гэтым годзе ў нашым раёне аддзел адукацыі, спорту і турызму сумесна з райкамам БРСМ стварылі студэнцкія атрады старшакласнікаў.
“Так, ва ўсёй Беларусі такія атрады называюцца менавіта студэнцкімі, а не школьнымі, – кажа першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Хмарын. – Гэта падкрэслівае значнасць такіх атрадаў і ўскладзеныя на іх надзеі па дапамозе ва ўборцы ўраджаю. Студэнцкія атрады Мішкавіцкай, Кардонскай і Амбросавіцкай школ працуюць на пераборцы бульбы ў СФГ “Раднік”, са Слабадской школы, з  СШ № 1 і СШ № 2 г. п. Шуміліна  – у КУСГП “Сіроцінскі” на ўборцы гародніны. Кожны са студэнцкіх атрадаў (агульная колькасць вучняў у іх складае каля 80 чалавек) будзе працаваць на сельскагаспадарчых работах не больш як два тыдні. Згодна з дагаворам, заключаным з гаспадаркай, кожнаму вучню за работу будуць выплачаны грошы”.
На мінулым тыдні мы пабывалі на палетках КУСГП “Сіроцінскі”, дзе раслі сталовыя буракі і морква. Тут працавалі 50 старшакласнікаў і работнікі мясцовай канторы. Дзеці выцягвалі буракі, абразалі ад бацвіння, а потым грузілі на прычэпы машын. “Затым буракі (яны сёлета выраслі добрыя – ураджайнасць складае больш за 260 цэнтнераў з гектара)  сарціруем, – расказаў брыгадзір Уладзіслаў Осіпаў. – Буйныя – на продаж, а дробныя – на корм жывёле. З буракамі хутка справімся, але наперадзе яшчэ пяць гектараў морквы”.
Дзеці завіхаліся на полі. Адзін за адным з’яўляліся на полі ўсё новыя і новыя бурты… Запыталіся ў старшакласнікаў, як працуецца і вось якія атрымалі адказы:
–  Стараемся.
– На свежым паветры лепш, чым у класе.
– Гатовы працаваць цэлы месяц, абы не вучыцца.
– З непрывычкі крыху ногі баляць.
– Спадзяемся атрымаць нядрэнны заробак.
“Дзеці працуюць добра, – расказаў  дырэктар КУСГП “Сіроцінскі” М. У. Прыгодзіч. – Асабліва стараюцца школьнікі са Слабадской СШ. Працуюць, можна сказаць, не разгінаючыся. Пры налічэнні заробку будзем гэта ўлічваць”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *