Тема апрельской Школы активного гражданина –экология

Образование Экология

Заўтрашні дзень Зямлі ствараем сёння

Красавіцкі інфармацыйна-адукацыйны праект «ШАГ» («Школа Актыўнага Грамадзяніна»), які рэалізуецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны, быў прысвечаны экалогіі, у прыватнасці захаванню біяразнастайнасці, дасягненню ў галіне захавання экалагічна чыстага навакольнага асяроддзя. «Гонар за Беларусь. Чыстае навакольнае асяроддзе – ключ да здаровага жыцця» – так гучала тэма ШАГа.Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч стаў госцем у Мікіціхінскай сярэдняй школе, дзе расказаў вучням 7-11 класаў пра тое, як рэалізуецца ў нашай краіне экалагічная палітыка і экалагічная адукацыя. Больш падрабязна спыніўся на стане навакольнага асяроддзя нашага рэгіёна (вада, паветра, зямля, раслінны і жывёльны свет), акрэсліў задачы, якія вырашаюць раённыя эколагі.

Вучні пацікавіліся ў госця, па якіх напрамках прыродаахоўнай дзейнасці больш за ўсё ў раёне парушальнікаў, як рэалізуецца схема збору другасных рэсурсаў.

Раённы грамадскі эколаг Ірына Кулікава правяла сустрэчы з вучнямі ў Шумілінскай СШ №2 і Слабадской яслі-сад-базавай школе. Як прайшло мерапрыемства, расказала намеснік дырэктара Слабадской школы Надзея Каротчанка:

– Ірына Кулікава напомніла дзецям, што навакольны свет – складаны жывы арганізм. І кожная яго часцінка патрабуе крапатлівага догляду. Экалогія – канкрэтная навука, якой патрэбны чалавечы клопат.

Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі формы работы, якія абапіраюцца на творчую дзейнасць нераўнадушных людзей. «Чыстыя гульні», пра якія шчыра і захоплена расказвала госця, не пакінулі раўнадушнымі нікога. І сярод вучняў Слабадской школы ўжо ёсць у Ірыны Уладзіміраўны аднадумцы, якія згодны стаць непасрэднымі ўдзельнікамі акцыі.

Не трэба гуляць у экалогію, трэба канкрэтнымі справамі далучацца да захавання экалагічна чыстага навакольнага асяроддзя. Ад праведзенага майстар-класа па зборы і сарціроўцы дамашняга смецця былі ў захапленні не толькі дзеці, а і педагогі. Выступоўца паказала і прадэманстравала на слайдах, як сарціруе бытавыя адходы яе сям’я.

Удзельнікі мерапрыемства зрабілі вывад: прырода – наш агульны дом, пра які чалавек павінен клапаціцца. Добра, што ёсць сярод нас людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія ўпэўнена глядзяць у заўтрашні дзень, жыццёвы дэвіз якіх – не спыняцца на дасягнутым, ісці наперад, прыносіць карысць людзям і грамадству.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №27 ад 12.04.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *