Ответственность за неподчинение сотруднику милиции

Закон

Адмовіўся праехаць у РАУС

У гэтым годзе ў раёне значна павялічылася колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў РАУС. Так, за студзень-красавік зарэгістравана 10 такіх выпадкаў, у той жа час, як за ўвесь мінулы год – 21.

Чаму жыхары раёна не падпарадкоўваюцца законным патрабаванням супрацоўнікаў райаддзела ўнутраных спраў і якая за гэта пагражае адказнасць? Пра гэта гутарым з намеснікам начальніка РАУС Аляксандрам Шумінскім.

–  Раскажыце, што значыць «непадпарадкаванне супрацоўнікам РАУС»?

– У большасці выпадкаў гэта адмова прайсці ў службовы міліцэйскі аўтамабіль для паездкі ў РАУС. Для таго, каб, напрыклад, скласці адміністрацыйны пратакол за правапарушэнне або праехаць у райбальніцу, каб праверыць, ці знаходзіцца чалавек у стане алкагольнага ап’янення. Часцей за ўсё не падпарадкоўваюцца міліцыянерам нецвярозыя людзі. Прывяду нядаўні прыклад: жыхар Хацілава, які быў затрыманы за выраб брагі, адмовіўся ехаць з міліцыянерамі ў райбальніцу, каб праверыцца на прадмет алкагольнага ап’янення.  Жыхар Обалі, які ў нецвярозым стане знаходзіўся ў грамадскім месцы, таксама адмовіўся прайсці ў міліцэйскі аўтамабіль.

Ёсць і такія, хто не падпарадкоўваецца супрацоўнікам РАУС у сілу свайго характару, часам з-за агрэсіі. А яшчэ не ведаюць, што за непадпарадкаванне службовай асобе пры выкананне ёю паўнамоцтваў пагражае адказнасць.

– Раскажыце падрабязней пра гэту адказнасць.

–  Згодна з арт. 24.3 КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню  або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»  пагражае штраф ад 2 да 100 БВ або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. Такія справы разглядаюцца ў судовым парадку.

–  Існуюць адрозненні паміж непадпарадкаваннем і супраціўленнем.

– Непадпарадкаванне – гэта пасіўная форма адмовы ад выканання законнага патрабавання або распараджэння супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў. Супраціўленне – гэта актыўнае супрацьдзеянне, напрыклад, чалавек спрабуе ўцячы, упіраецца, спрабуе вырвацца, расчыняе драку, прымяняе прыёмы барацьбы і г. д.

– У такім выпадку пагражае крымінальная адказнасць?

– Так. Згодна з ч. 1 арт. 363 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»  пагражае штраф або арышт, або абмежаванне волі да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Калі такое ж парушэнне зарэгістравана групай асоб, то максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі да сямі гадоў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *