Ровесник районной газеты. Николай Варкулевич из деревни Барановские отмечает 90-летие

Людзі і лёсы

Механізатар, льнавод, звеннявы

Сёння, 15 ліпеня,  жыхар вёскі Бараноўскія Мікалай Антонавіч Варкулевіч адзначае 90-годдзе з дня нараджэння. Павіншаваць юбіляра прыедуць прадстаўнікі раённай улады, раённай ветэранскай арганізацыі, ТЦСАН, мясцовага сельгаспрадпрыемства.

 Даўні сябар «Герой працы», Мікалай Варкулевіч усё жыццё выпісвае раённую газету. Чытае пра знаёмых людзей, пра сяўбу, нарыхтоўку кармоў і намалоты. А сёння прачытае пра сябе. Заслужыў такой увагі сваёй працавітасцю і руплівасцю, сваімі шчырымі адносінамі да жыцця, адданасцю роднай зямлі – у вёсцы Бараноўскія жыве з самага нараджэння, 90 гадоў. Добра помніць вайну: як немцы занялі бацькоўскую хату, як ён разам з братам, дзвюма сёстрамі і бацькамі аказаўся ў бежанцах у в. Прыдумкі. Ён памятае, як пасвіў кароў на палетках за вёскай і чуў людскі крык і лямант –немцы зганялі мірных людзей вёскі Ляжні ў  хляўчук, каб спаліць. Ён памятае, як у Бараноўскіх вяскоўцаў немцы ганялі па дарозе да Боськава – правяралі, ці замініравана дарога. На ўсё жыццё запомнілася страва ваенных часоў –  пырнікі, якія пяклі са здробненай травы…

  Выжылі ў той вайне, вытрывалі, каб адрадзіць свой край, каб працаваць на карысць радзіме. І ён працаваў. Пасля тэрміновай ваеннай службы вывучыўся ў Полацку на механізатара і ўладваўся ў калгас імя Куйбышава, які потым перайменавалі ў калгас «Іскра». І сёння помніць свой першы трактар, які яму даверылі ў 1957 годзе. «Мы працавалі па заяўках машынна-трактарнай станцыі, якая была створана ў Шуміліне, –  згадвае Мікалай Антонавіч. – Цэлымі суткамі працавалі на дабрабыт раёна. Рупіліся на палетках у Лоўжы, Язвіне, Мікіцісе. Да свайго гусенічнага трактара падчапляў трохкорпусны плуг і рыхтаваў глебу да пасяўной. Аралі і ў начную змену. Працуеш, бывала, пад святлом фар, і нікому ў галаву не прыходзіла, што можна лайдачыць ці адаспацца».

  Падчас нарыхтоўкі кармоў Мікалай Варкулевіч падчапляў да ДТ-54 касілку. А калі малаціў зерне на прычапным камбайне (былі такія ў 60-ыя гады), то даваў фору калегам на колавых трактарах. Яны буксавалі ў нізкіх мясцінах, а  гусенічны праходзіў па любым бездарожжы.

  За добрую работу  ў 1966 годзе Мікалай Антонавіч быў узнагароджаны  медалём «За працоўную доблесць», а праз дзесяць гадоў атрымаў яшчэ такі ж медаль.

  Потым у працоўнай біяграфіі Мікалая Варкулевіча былі ДТ-20, МТЗ розных мадыфікацый, Т-150. Баранаваў, сеяў, вазіў торф на палеткі. Паралельна яго прызначылі звеннявым па вырошчванні лёну. Адказваў за сто гектараў культуры. Разам з аграномам выбіраў прыдатную зямлю, апрацоўваў яе, засяваў. І лён рос як на дражджах,  ішоў на льнозавод вышэйшым гатункам. За гэтыя дасягненні звеннявому ў 1978 годзе ўручылі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

  Сёння Мікалай Варкулевіч, у мінулым заядлы паляўнічы, грыбнік і пчаляр, вельмі ганарыцца сваёй радзімай, сваім раёнам, які паўстаў з руін, папрыгажэў і расквітнеў.  Ганарыцца ўдвайне, што щ гэтым ёсць і ягоная заслуга, механізатара з вёскі Бараноўскія.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *