В организациях Шумилинского района прошёл День информирования

Актуалии Общество Президент

Нарошчваць аб’ёмы, павышаць зарплату да 4 мільёнаў
15 сакавіка ў шэрагу працоўных калектываў раёна прайшлі сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, кіраўнікамі і спецыялістамі раённых службаў. Інфармацыйна-прапагандысцкая група нумар адзін пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама У. П. Кураннога сустрэлася з працаўнікамі “Шумілінскай ПМК-70”.
Размова была шчырай, кіраўнік раёна не абмежаваўся нейкай адной тэмай, ён павёў гаворку па комплексу самых надзённых пытанняў. Найперш, вядома, размова ішла пра будаўніцтва. Уладзімір Пятровіч нацэліў будаўнікоў на неабходнасць нарошчвання аб’ёмаў работ. Фронт работы для будаўнікоў у раёне дастатковы, падкрэсліў ён, трэба заканчваць рамонт даху раённай бальніцы, фарсіраваць будаўніцтва чарговага дома ў раёне СШ №2, пачынаць будаўніцтва ў тым мікрараёне яшчэ двух дамоў. Сёння ПМК-70 можа прадаваць свае паслугі і ў той жа Расіі, тым самым зарабляць грошы, павышаць людзям зарплату, трэба імкнуцца, каб зарплата да канца года склала 3,8 — 4 мільёны рублёў, падкрэсліў У. П. Куранны.
Павышаць аб’ёмы вытворчасці трэба ў разы – такую задачу ставіць кіраўнік раёна. Гэта дасць магчымасць паспяхова рашаць многія сацыяльныя пытанні, па аднаўленні, напрыклад, фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам, па рамонту вуліц і тратуараў, па будаўніцтву царквы і іншыя.
На сустрэчы выступілі таксама начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н. У. Захарава, галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў, дырэктар прадстаўніцтва БРУСП “Белдзяржстрах” па Шумілінскім раёне П. І. Манак, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В. В. Шархун, іншыя члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы.
Кіраўнік групы У. П. Куранны адказаў на пытанні прысутных.
Аліна ПЯТРОВА.
Размова аб крэдытаванні і бонусах
Яшчэ адна інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава,  сустрэлася з калектывам раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская расказала  пра льготнае крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва, першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Л. С. Дзегцярэнка спынілася на гандлёвай палітыцы ў раёне, пра ролю СМІ ў жыцці чалавека, аб падпісной кампаніі гаварыў намеснік галоўнага рэдактара газеты “Герой працы” М. А. Мароз. Вялася гаворка і па аказанні страхавых паслуг насельніцтву.
Кіраўнік інфармацыйна-прапагандысцкай групы І. М. Новікава ўзняла праблему гібкай палітыкі гандлёвых надбавак, укаранення пры продажы мэблі сістэмы растэрміноўкі аплаты, як робяць віцебскія магазіны, замест крэдытавання, продажу ў магазінах каапгандлю мяса ялавічыны і свініны розных цэнавых варыянтаў, каб спажывец меў выбар. Разумна, напэўна, было б кіраўніцтву райпо не распыляцца з рэкламай па скідках, па чырвонай цане і іншых бонусах, а даць у раённую газету па тэме асобны бюлетэнь.
Размова атрымалася шчырай, дзелавой і карыснай.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №22 ад 16.03.2012 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *