КФХ «Родник» приглашает всех желающих на уборку овощей

Сельское хозяйство

На Шуміліншчыне поўным ходам ідзе ўборка морквы, на падыходзе – буракі

3,5 гектара морквы і 4,5 гектара сталовых буракоў пасля трохгадовага перапынку сёлета засеяла СФГ «Раднік». У пачатку кастрычніка тут прыступілі да ўборкі.

У гаспадарцы шмат памочнікаў: на дапамогу прыехалі работнікі аддзелаў райвыканкама і ўстаноў адукацыі, іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна. У аўторак, 11 кастрычніка, на палетках разам з усімі працавалі старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.
На полі каля Надзежына кіпела работа. Толькі работнікаў райвыканкама тут працавала больш за 20 чалавек. Па радках морквы загадзя прайшлася капалка, так што практычна ўся гародніна была наверсе. Заставалася толькі адкруціць вяршкі, а сам караняплод – у вядро і ў прычэп.
Агранамічная служба гаспадаркі расказала, што на палетках засеяны тры гатункі: «берлікум раял» і «нантэс-2» галандскай селекцыі і «нанцкая-4» расійскай. Морква сярэдняранняя, вызначаецца высокай устойлівасцю да хвароб, добра пераносіць невялікія засухі і замаразкі. Да таго ж, вясной карысталіся сеялкай дакладнага высеву, пасля захоўвалі тэхналогію догляду. Таму і ўраджай добры атрымалі – больш за 200 цэнтнераў з гектара.
– Калі гародніна вырашчана ў сваім раёне, то прасцей весці дыялог па пастаўках у мясцовыя закрытыя ўстановы – школы, сады, бальніцы, – кажа кіраўнік СФГ «Раднік» Юрый Сямёнаў. – Да таго ж, мы гарантуем, што наша прадукцыя экалагічна чыстая. На невялікія палеткі камбайн для ўборкі морквы купляць нерэнтабельна, пры ўборцы бульбакамбайнам морква трэскаецца, таму без ручной працы нам ніяк не абысціся.
Мясцовая жыхарка Паліна Шчарбіцкая, якая кожны год падчас уборачнай дапамагае СФГ «Раднік», адзначыла, што памочнікі ў гаспадарцы добрыя і працавітыя. За дзень 11 кастрычніка сабралі, напрыклад, каля дзесяці тон морквы. Гародніна чакае пераборкі пад навесам на тэрыторыі майстэрні. Таварная морква пойдзе на продаж, астатняя – на корм жывёле.
Пасля таго, як справяцца з морквай, прыступяць да ўборкі сталовых буракоў. Кіраўніцтва гаспадаркі таксама запрашае ўсіх жадаючых на ўборачныя работы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *