Уже 32 года отдал дорожной службе Иван Стрельцов

Главное Общество

Майстар дарожных спраў

 Прафесійнае свята – Дзень аўтамабіліста і дарожніка – машыніст аўтагрэйдара 7-га разраду ДРБУ-204 Іван Стральцоў адзначае ў 32-гі раз –  менавіта столькі працуе на прадпрыемстве.

У дарожную службу машыністам аўтагрэйдара Іван Стральцоў прыйшоў пасля арміі: на той час у ДРБУ-204 якраз была свабодная вакансія. Для Івана з яго юнацкім спрытам і нястомнай энергіяй было галоўнае, каб работа была звязана з тэхнікай, таму закончыў спецыяльныя курсы, дзе атрымаў дазвол працаваць на аўтагрэйдары, і ў 1990 годзе прыступіў да работы.

«Спачатку на прадпрыемстве былі прычапныя грэйдары, – згадвае Іван Стральцоў. – Яны чапляліся да трактара Т-150. З такім цягачом, прызнацца, не вельмі і зручна было працаваць. Увесь час азіраешся назад, каб праверыць, ці якасна разраўняў, ці пачысціў як след. Да канца змены шыя была як не свая. Мы з калегамі аджылі, калі з’явіліся сучасныя аўтагрэйдары. Вельмі зручна, што лапата знаходзіцца ўперадзе. Усё бачна, як на далоні».

Аўтагрэйдару, на якім працуе Іван Стральцоў, ужо 12 гадоў, але выглядае тэхніка годна дзякуючы працавітым і клапатлівым рукам машыніста, які пільна сочыць за вузламі і агрэгатамі і своечасова рамантуе.

Іван Стральцоў кожны дзень на дарогах: займаецца прафіляваннем, разраўноўваннем грунту і  шчэбеню, ачысткай ад снегу. Ён авалодаў яшчэ іншымі дарожнымі агрэгатамі: пры неабходнасці можа падмяняць калег на асфальтаўкладчыку, на пагрузчыку і на катках. Заўсёды рупіцца якасна, прафесійна, дакладна. Менавіта таму калектыў вылучыў яго на раённую Дошку гонару.

«Іван Сямёнавіч Стральцоў выдатны спецыяліст сваёй справы, вядомы не толькі ў раёне, але і за яго межамі, – кажа начальнік ДРБУ-204 Уладзімір Раманаў. – У 2019 годзе прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі”, дзе заняў прызавое месца».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *