Льготный кредит для молодых специалистов. Консультация представителя «Беларусбанка».

Молодёжь Экономика

Як маладому спецыялісту атрымаць ільготны крэдыт?

Маладыя спецыялісты арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту, воінскіх часцей, Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, арганізацый спажывецкай кааперацыі і сельгасарганізацый, якія прыбылі ў Шумілінскі раён не па месцы жыхарства бацькоў, маюць магчымасць атрымаць ільготны крэдыт. Што неабходна для яго атрымання, мы папрасілі расказаць дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг №225 ААТ «ААБ Беларусбанк» Вольгу Масько.

 

– Беларусбанк прадастаўляе маладым спецыялістам ільготны крэдыт на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №631 «Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян», – расказала Вольга Юр’еўна. – Сродкі даюцца на набыццё хатняй маёмасці (мэбля, бытавая тэхніка) і тавараў першай неабходнасці (адзенне, абутак, пасцельныя прыналежнасці, посуд) айчыннай вытворчасці. Крэдыт можна атрымаць адзін раз на працягу двух гадоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі.

Крэдыт даецца ў памеры да 15-разовага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага на дату выдачы крэдыту, тэрмінам да 5 гадоў з выплатай за карыстанне ім 25% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень гэта 3%.

Льготны крэдыт выдзяляецца на падставе спісаў, зацверджаных райвыканкамам, згодна з хадайніцтвамі арганізацый, куды быў накіраваны выпускнік. Для ўключэння ў гэты спіс малады спецыяліст павінен падаць у выканаўчы камітэт раёна, дзе працуе, хадайніцтва арганізацыі і дакументы, якія пацвярджаюць, што ён з’яўляецца маладым спецыялістам.

Льготны крэдыт выдаецца шляхам безнаяўнага пералічэння грашовых сродкаў на рахункі трэціх асоб на падставе прадстаўленых крэдытаатрымальнікам рахункаў-фактур (дагавораў на набыццё тавараў).

Немалаважным з’яўляецца той факт, зазначыла В. Масько, што пачынаць пагашаць крэдыт і працэнты за карыстанне ім трэба праз 6 месяцаў з дня выдачы, прычым  роўнымі долямі на працягу ўсяго перыяду пагашэння.

Для разгляду пытання аб выдачы льготнага крэдыту малады спецыяліст запаўняе заяву-анкету і прадстаўляе наступныя дакументы:

копіі дакументаў, якія сведчаць асобу крэдытаатрымальніка (паручыцеля), з прад’яўленнем арыгіналаў такіх дакументаў;

  даведку крэдытаатрымальніка і паручыцеля аб сярэднямесячным даходзе і памеры ўтрыманняў за апошнія тры месяцы і (або) дакументы, якія пацвярджаюць іншыя крыніцы даходу, пры наяўнасці апошніх;

  згоду крэдытаатрымальніка і паручыцеля (яў) на прадастаўленне крэдытнай справаздачы з крэдытнага рэгістра Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

  рахунак-фактуру.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *