Турнир по греко-римской борьбе памяти Обольских подпольщиков прошёл в г.п. Оболь

Молодёжь Спорт, туризм

Падмурак будучых вялікіх перамог

11-12  лістапада ў Обальскай СШ прайшоў традыцыйны абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы».

Турнір у Обалі мае больш чым саракагадовую гісторыю. Для гарадскога пасёлка, як і для нашага раёна,  гэта знакавая падзея, якую з нецярпеннем чакаюць. Для многіх барцоў-класікаў гэта пачатак спартыўнай кар’еры, і кожныя старты ў Обалі – пачатак новай гісторыі для юных зорак грэка-рымскай барацьбы. Для спартыўных заўзятараў гэта цудоўная магчымасць сустрэцца з сябрамі і разам перажыць перамогі і няўдачы спартсменаў, атрымаць вялікую дозу адрэналіну і станоўчых эмоцый.

 

На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў прысутнічалі галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Дубоўскі, дырэктар Шумілінскай СДЮШАР Алег Асташонак, першы намеснік начальніка РАУС Вячаслаў Воранаў, трэнеры, суддзі, вучні Обальскай СШ, шматлікія госці і балельшчыкі. Парад удзельнікаў аб’яднаў больш чым 150 спартсменаў з Обалі і Шуміліна, Віцебска і Глыбокага, Сянно і Талачына, Жлобіна.

– Гэта турнір, які добра ведаюць прыхільнікі грэка-рымскай барацьбы, – сказаў галоўны суддзя турніру Віталь Лукацэнка. –  Сам сюды прыязджаю, відаць, гадоў сорак. І кожны турнір адметны і асаблівы, але заўсёды праходзіць у сяброўскай атмасферы, якая ёсць толькі тут, у Обалі.

І закруціўся віхор спаборніцтваў. Сёлета паядынкі праходзілі на двух барцоўскіх дыванах.  Схватка за схваткай, радасць перамогі і слёзы паражэння, падказкі трэнераў і падтрымка гледачоў (а іх сёлета было як ніколі шмат) – пры такім антуражы лёгка, але і адказна было выступаць юным барцам.

«На турнір у Обаль прыехалі ўпершыню, –  расказвае трэнер каманды са Жлобіна  Уладзіслаў Кавалёў. – Узровень вельмі добры. Пытанняў да арганізацыі спаборніцтваў няма ніякіх. Рады, што ўсе трое маіх выхаванцаў трапілі на прызавыя месцы».

Самыя шматлікія каманды на турніры – обальская і шумілінская. Трэнеры Пётр Ганушчанка і Юрый Сцяпанаў выставілі па 16 барцоў. «Хочацца, каб юны спартсмен адчуў атмасферу спаборніцтваў у родных сценах пры падтрымцы сваякоў, знаёмых, – адзначыў Пётр Ганушчанка. –  Паверце, гэта вельмі складана, бо ўсе чакаюць толькі перамогі».

Обальскія барцы не падвялі свайго трэнера: 13 абальчан сталі прызёрамі.  Першыя месцы заваявалі Ян Лугаўскі, Яўген Ліпчанка і Аляксандр Юсупаў, другія – Ягор Барсукоў, Анатоль Зянькоў, Анатоль Анцупаў і Дзямід Купрыянаў, трэція – Арцём Кляцкоў, Антон Пінькоўскі, Аляксандр Аксёнаў, Захар Буторын, Вадзім Купчанка і Данііл Кляцкоў.

«Канечне, вынікамі не задаволены. Толькі два прызавыя месцы: у Ягора Заўялава – другое і ў Уладзіслава Стральцова – трэцяе, – расказвае Юрый Сцяпанаў. –  Перад кожным ставіў задачу паказаць тое, чаму вучыліся на трэніроўках. На жаль, атрымалася не ва ўсіх. Затое ёсць канкрэтная база, над чым будзем працаваць на трэніроўках». Трэнер  адзначыў і выступленне дэбютанта спаборніцтваў Аляксандра Рыбалкі як вельмі годнае, юны барэц на турніры «ўзяў» дзве перамогі, якіх, праўда, не хапіла для прызавога месца.

На закрыцці спаборніцтваў пераможцы і прызёры атрымалі медалі і дыпломы.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *