Областной семинар по инновационным тенденциям системы образования прошёл в Шумилинском районе

Новости Образование

Адукацыя: развіццё праз інавацыі

Інавацыйныя тэндэнцыі ў сістэме адукацыі Шумілінскага раёна вывучаліся 17 лістапада на абласным семінары для намеснікаў начальнікаў і галоўных спецыялістаў аддзелаў па адукацыі гар-, райвыканкамаў Віцебскай вобласці

 

Удзельнікаў семінара ў СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна вітала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, якая пазнаёміла прысутных з сацыяльнай сферай Шуміліншчыны, расказала пра асноўныя напрамкі яе развіцця.

На асаблівасцях развіцця ўстаноў адукацыі і адукацыйнай галіны ў цэлым засяродзілася начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова.

Асноўную тэму семінара далажыла ўдзельнікам намеснік начальніка аддзела па адукацыі Іна Чарнічэнка. Развіццё сучаснай адукацыі немагчыма без укаранення новых метадаў і формаў работы, сучасных тэхналогій. Установы адукацыі раёна актыўна працуюць над рознапланавымі інавацыйнымі праектамі навучання і выхавання дзяцей. Як расказала дакладчык, сёння ва ўсіх дзіцячых садах і школах раёна рэалізуюцца 10 раённых, 8 абласных, 1 рэспубліканскі і 1 міжрэгіянальны праекты. Прычым гэта працэс непарыўны – калі заканчваецца рэалізацыя аднаго праекта, адразу пачынаецца работа над новымі інавацыямі. Гэтага патрабуе час. Рэалізацыя інавацый выходзіць і на міжнародны ўзровень. Так, СШ №2 імя А. І. Дубасарскага ўдзельнічае ў беларуска-расійскім інавацыйным праекце.

Падчас практычнай часткі семінара яго ўдзельнікі пазнаёміліся з буйнейшай школай раёна – Шумілінскай СШ №1: наведалі заняткі па робататэхніцы, вывучылі работу інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра, даведаліся пра выкарыстанне сучаснага абсталявання ў рабоце педагогаў-дэфектолагаў.

Таксама прадстаўнікі сістэмы адукацыі Віцебшчыны наведалі Обальскую сярэднюю школу імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай, дзе вывучалі вопыт работы ўстановы адукацыі, якая 8 год з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай, з 2021 года – апорнай установай па духоўна-маральнаму выхаванню вучняў.

Падчас семінара з удзелам начальніка аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Беднякова было разгледжана пытанне аб ліцэнзаванні устаноў адукацыі, якое прайшло у рэжыме відэаканферэнцыі са спецыялістамі Дэпартамента кантролю якасці Міністэрства адукацыі.

Вынікі семінара падвяла начальнік цэнтра кіруючых кадраў, спецыялістаў адукацыі і інавацыйнай дзейнасці Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Арэхава.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *