Что сделано в Шумилино по созданию безбарьерной среды для инвалидов

Общество

Паркоўка па правілах

 Згодна з праектам арганізацыі дарожнага руху ў Шуміліне і дыслакацыяй дарожных знакаў аўтамабільныя стаянкі найбольш значных аб’ектаў  райцэнтра павінны быць абсталяваныя месцамі паркоўкі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ці многа ў нас такіх месцаў і наколькі апавядаюць яны нормам, праверылі на гэтым тыдні карэспандэнт газеты разам з начальнікам ДАІ Мікалаем Гаралевічам.

Так, спецыяльны дарожны знак «Месца стаянкі для інвалідаў» ёсць на цэнтральнай плошчы горада, ля раённага цэнтра культуры, «Энергазбыту», «Мясной лаўкі», ФАЦа, раённай цэнтральнай бальніцы, магазіна «Санта», ТЦСАН. На пераважнай большасці аб’ектаў стаянкі былі абсталяваны блізка ля ўваходу ва ўстановы. А вось ля «Санты» стаянка вызначана ля самага дальняга парковачнага месца ад уваходных дзвярэй магазіна, што, магчыма, не вельмі зручна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Ёсць месца стаянкі для інвалідаў і ля цэнтральнай аптэкі, каля «Еўраопта». Але ж абазначанае месца мы з цяжкасцю знайшлі на асфальце, бо яно было запарушана снегам. Гэта прамая заўвага ў адрас УП ЖКГ, якое не паклапацілася ўсталяваць стацыянарны знак, каб ён у любую завею быў бачны.

Да слова. На спецыяльных паркоўках могуць паркавацца інваліды 1 і 2 груп, а таксама інваліды 3 групы, якія маюць парушэнні апорна-рухальнага апарата. Пры гэтым рэкамендавана на заднім шкле аўто мець спецыяльную наклейку. Але і без яе ніхто не аштрафуе, у крайнім выпадку супрацоўнікі ДАІ могуць папрасіць паказаць пасведчанне інваліда. Паркоўка ў зоне дзеяння знака дазволена і тым вадзіцелям, якія перавозяць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, што маюць пры сабе пасведчанне інваліда.

«Стаянкі ў Шуміліне перапоўнены нячаста, – адзначае Мікалай Гаралевіч. –  Таму пад знакам «Месца стаянкі для інвалідаў» звычайныя вадзіцелі спыняюцца рэдка. Сёлета, напрыклад, зарэгістраваны два такія выпадкі. На вадзіцеляў складзены адміністрацыйныя пратаколы, яны атрымалі штрафы па 2 базавыя велічыні. Тым не менш мы просім усіх аўтамабілістаў захоўваць правілы паркоўкі  і паважаць усіх удзельнікаў дарожнага руху».

Без бар’ераў

Згодна з дзяржпраграмай «Сацыяльная абарона», распрацаванай на 2021-2025 гг.,  у нашым раёне праводзіцца работа па забеспячэнні даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

Як расказала загадчыца аддзела пярвічнага прыёму, аналізу, інфармацыі і прагназавання ТЦСАН Таццяна Шаціла, запланавана зрабіць даступнае асяроддзе для жыццядзейнасці інвалідаў на 16 аб’ектах. Работы выкананы на шасці. У прыватнасці, абсталяваны пандусы, поручні, паніжаны бардзюрныя камні ля дамоў па вуліцах Кааператыўная, 6, Юбілейная, 39 і Луначарскага, 7.

«Абсталяваны пандус з поручнямі ля ўваходных дзвярэй райвыканкама, а таксама на лесвічным маршы першага паверха, – удакладняе Таццяна Іванаўна. – Вельмі многае зроблена ў раённым цэнтры культуры. Акрамя поручняў, тут ёсць тактыльныя пліткі, абсталяваны санвузлы, зроблены моўныя інфарматары для інвалідаў па зроку. Калі ў мабільніках такіх людзей устаноўлены спецыяльны дадатак, яны атрымліваюць інфармацыю, куды ісці і дзе павярнуць. Такія ж інфарматары зроблены і ў ТЦСАН, у нас яшчэ ёсць кропкі выклікаў, схемы па шрыфце Брауля па размяшчэнні санвузлоў, што дапамагае інвалідам арыентавацца.

На самых буйных аўтастаянках уладкаваны спецыяльны знак для паркоўкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У многіх арганізацыях і школах  першая і апошняя прыступкі часткова  дзеля зручнасці людзей з дрэнным зрокам афарбаваны ў жоўты колер».

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *