Коммунальные службы чистят снег в усиленном режиме

Главное Новости Общество

Снежань падкідвае работы

Сёлета снежны сезон для камунальнай і дарожнай службаў пачаўся рана. Першы раз Шуміліна ад снегу чысцілі 19 лістапада. І снежань не дае магчымасці зрабіць перапынак.

 Зіма з аднаго боку радуе снежнымі пейзажамі, дзеці і аматары зімовага адпачынку бавяць час на катку ці лыжні. А вось для УП ЖКГ гэта напружаны час і штодзённы клопат.

«На снежныя работы ў нас выдзелена пяць адзінак тэхнікі – грэйдэр, чатыры трактары з навяснымі адваламі для снегу, адзін з іх мае спецыяльныя шчоткі для ачысткі тратуараў. Гэта на адну адзінку больш, чым летась, – кажа намеснік дырэктара УП ЖКГ Аляксандр Левіт. –  Тэхніка на ачыстку вуліц выязджае ў 4 гадзіны раніцы. Пры неабходнасці пасля ачысткі ад снегу дарогі пасыпаюцца пясчана-салявой сумессю, якой мы нарыхтавалі 1000 тон, тратуары – пяском. У першую чаргу адпрацоўваюцца цэнтральныя вуліцы і дарогі. Гэта робіцца для таго, каб людзі без праблем дайшлі ці даехалі да месцаў работы, да бальніцы ці ўстаноў адукацыі».

Як паказвае практыка, да 7.30 тэхніка паспявае справіцца з найбольш запатрабаванымі дарогамі. Пасля гэтага ачышчаюцца астатнія вуліцы. Шуміліна ўмоўна разбіта на некалькі мікрараёнаў. За кожным замацавана пэўная адзінка тэхнікі. Пры неабходнасці пасля 14 гадзін тэхніка можа вярнуцца на найбольш ажыўленыя дарогі і вуліцы, каб людзі без праблем вярнуліся з работы дадому.

«Прыдамавыя тэрыторыі шматкватэрных дамоў ачышчаюць пяць работнікаў, – адзначае майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Вераніка Бутырына. – Яшчэ чацвёра работнікаў ачышчаюць гарадскі парк і тратуары. Безумоўна, падчас снегападаў цяжка спраўляцца. І тут як ніколі важкай становіцца дапамога жыхароў шматпавярховак. Хочацца сказаць вялікі дзякуй жыхарам некаторых пад’ездаў дома №1 па завулку Угнявёнка, дома  №12 па вуліцы 70 год БССР, дамоў № 35, 37, 39 па вуліцы Сіпко, якія самі вызваляюць свае пад’езды ад снегу».

Вераніка Бутырына закранула яшчэ адну праблему. «Падчас моцных снегападаў мы не можам ачысціць дваровыя тэрыторыі з-за прыпаркаваных у неналежных месцах аўтамабіляў, – кажа майстар. – Вельмі праблемныя ў нас дамы №14 і 16 па вуліцы 70 год БССР, дамы №3-1 і 3-2 па вуліцы Суворава, дамы №1, 3, 5 па завулку Угнявёнка. Тут проста не можа праехаць трактар, у якога самая малая лапата шырынёй 2 метры. Хачу звярнуцца да ўладальнікаў аўтамабіляў з пераканаўчай просьбай думаць, калі ставіце сваю машыну, пра тое, каб не ствараць праблем іншым».

Работнікі УП ЖКГ пачалі вывозіць снег з цэнтральных вуліц райцэнтра. На вывазцы задзейнічаны два аўтамабілі, адзін трактар і пагрузчык. Аб’ёмы ўжо ўражваюць: так, толькі з вуліцы Вакзальнай (ад чыгуначнага вакзала да скрыжавання з вуліцай Ленінскай) вывезена 68 тон снегу.

«Зразумела, што снег убіраем і на сяле, – расказвае Аляксандр Левіт. – Усе падраздзяленні УП ЖКГ маюць па адной адзінцы тэхнікі для ўборкі снегу.  Таксама заключаны дагаворы з большасцю сельгас-прадпрыемстваў на расчыстку. У першую чаргу ачышчаюцца найбольш буйныя населеныя пункты. Звычайна за дзень ачышчаюцца 2-3 вёскі.  Начальнікі падраздзяленняў трымаюць цесную сувязь з сельвыканкамамі і ўзгадняюць маршруты. Гэта робіцца ў першую чаргу для таго, каб, скажам, без праблем у вёскі даехала аўталаўка, рэйсавы аўтобус і пошта. Зразумела, што маланаселеныя вёскі расчышчаем у апошнюю чаргу. Падчас моцных снегападаў гэта можа быць і на трэція суткі. У апошні нядзельны снегапад на сяле працавала 7 адзінак тэхнікі».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *