26 снежня ААТ «ААБ Беларусбанк» адзначае 100 год з дня заснавання

Общество Экономика

Заўсёды побач. Побач з кожным

100 год – узрост сталасці і мудрасці. За 10 дзесяцігоддзяў банк прайшоў складаны шлях развіцця і станаўлення.

Крыху гісторыі. 26 снежня 1922 года згодна з пастановай Савета Народных Камісараў РСФСР была адкрыта першая ашчадная каса №16. З гэтай даты і бярэ адлік гісторыя старэйшага банка Рэспублікі Беларусь – «Беларусбанка». Падчас банкаўскай рэформы ў 1987 годзе сістэма ашчадкас пераўтворана ў Ашчадны банк СССР.

У 1991 годзе на палітычнай карце свету з’явілася новая суверэнная дзяржава – Рэспубліка Беларусь, было створана 25 банкаў, у тым ліку Ашчадны банк Рэспублікі Беларусь і Акцыянерны камерцыйны банк «Беларусбанк». Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №340 ад 30 жніўня 1995 года шляхам зліцця двух банкаў арганізавана Адкрытае акцыянернае таварыства «Ашчадны банк Беларусбанк».

«Сакрэт поспеху і працвітання любой арганізацыі – згуртаваны калектыў, каманда прафесіяналаў, – кажа дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №225 г. п. Шуміліна Вольга Масько. – З асаблівай шчырасцю дзякую нашаму калектыву, камандзе ЦБП, за важкі штодзённы ўклад у агульную справу. Бо сёння ад кожнага з нас залежаць фінансавыя дасягненні і стратэгічны вынік дзейнасці Беларусбанка.

Дасягненні Цэнтра банкаўскіх паслуг – вынік працы многіх пакаленняў прафесіяналаў. Мы з павагай і ўдзячнасцю ўспамінаем ветэранаў Беларусбанка, якія стаялі ля вытокаў ашчаднай справы, сваёй дзейнасцю ўнеслі неацэнны ўклад у станаўленне буйнейшага банка краіны. Дзякуй вам вялікі!».

У аснове работы Беларусбанка ляжаць прынцыпы надзейнасці і гарантаванасці. Нязменным прыярытэтам у рабоце банка з моманту яго заснавання былі, ёсць і будуць інтарэсы кліента. У Цэнтры банкаўскіх паслуг, адзначае яго кіраўнік, вядзецца актыўная работа з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі раёна, наладжаны доўгатэрміновыя не толькі партнёрскія, але і сяброўскія адносіны. На пастаяннай аснове кліентам аказваецца крэдытная падтрымка, у тым ліку ў рамках рэалізацыі Праграмы падтрымкі суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу.

Разам з тым пры ўсёй разнастайнасці дзейнасці Беларусбанка яго прыярытэтным накірункам застаецца абслугоўванне насельніцтва, сродкі кліентаў з’яўляюцца важнай патэнцыйнай крыніцай рэальнага сектара эканомікі. Сёння банк аказвае насельніцтву шырокі спектр самых сучасных рознічных банкаўскіх паслуг. Для зручнасці фізічных асоб пастаянна ўдасканальваецца лінейка крэдытных прадуктаў.

Развіваюцца і ўдасканальваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць здзяйсняць пакупкі і аплачваць паслугі плацежнымі карткамі, не выходзячы з дому. Адпаведна, Беларусбанк прапануе багаты выбар картачных прадуктаў з рознымі функцыямі і магчымасцямі, падключэнне да розных сэрвісаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Несумненна, карыстацца паслугамі Беларусбанка стала настолькі звыклай і неад’емнай часткай нашага жыцця, што часам мы нават не задумваемся, наколькі гэта камфортна і зручна.

«Ад усяго калектыву цэнтра банкаўскіх паслуг выказваю вялікую ўдзячнасць кліентам, партнёрам і сябрам банка, без якіх было б немагчымае гэтае свята, за вернасць духу партнёрства, плённае супрацоўніцтва, узаемаразуменне, – падкрэсліла Вольга Юр’еўна. – Дзякуючы ўсім вам 26 снежня буйнейшы банк пачне адлік новага стагоддзя сваёй гісторыі, у якім, упэўнена, будзе не менш яркіх дасягненняў, грандыёзных праектаў і інавацыйных сэрвісаў».

Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.

Віншуем з узнагародай!

У сувязі з юбілеем – 100-годдзем з дня ўтварэння ААТ «ААБ Беларусбанк» – за шматгадовую плённую добрасумленную працу ў сістэме юбілейны нагрудны знак «Беларусбанк – 100 год» уручаны:

Вользе Масько, дырэктару ЦБП №225;

Святлане Платонавай, галоўнаму спецыялісту сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу;

Вользе Медзікавай, спецыялісту па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг 1 катэгорыі;

Наталлі Жлукцёнак, спецыялісту па продажы рознічных банкаўскіх прадуктаў 1 катэгорыі.

За актыўную і плённую работу, асабісты ўклад у дасягнутыя вынікі банка і ў сувязі са 100-годдзем ААТ «ААБ Беларусбанк» Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення №200 ААТ «ААБ Беларусбанк» узнагароджаны Святлана Чаплінская, загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу, і Вольга Матушкова, кіраўнік аперацыйнай службы.

Ганаровай граматай Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую дзейнасць у банкаўскай сістэме, якасную арганізацыю работы ўзнагароджана галоўны спецыяліст сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Святлана Платонава.

Беларусбанк у лічбах і фактах

62% насельніцтва краіны (5,9 млн. чалавек) з’яўляюцца кліентамі Беларусбанка.

4,1 млн. чалавек карыстаюцца плацежнымі карткамі банка.

3,3 млн. чалавек трымаюць дэпазіты.

800 тыс. чалавек карыстаюцца крэдытамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *