По следам публикации. Холодильник отремонтировать в Шумилино можно, но сложно

Общество Экономика

Званок па “гарачых слядах”…
У дзень выхаду газеты, 27 сакавіка, аўтару публікацыі “Рамонт халадзільніка без галаўнога болю? Не атрымаецца!” патэлефанаваў дырэктар РКБА В. П. Бабічаў.
— Рамантуюць жа ў нас халадзільнікі! Фірма “Вітрамбыт”. А вы пішаце — галаўны боль!..
Аказваецца, мала хто ведае і фірму гэту, і тое, што яна займаецца, акрамя ўсяго іншага, і рамонтам халадзільнікаў. Майму “Атланту” было, мабыць, тры гады, як ён  сапсаваўся. Перастаў марозіць. Прызнаюся шчыра: першай думкай пасля ўсіх нягод і пошукаў (апісваў у папярэднім матэрыяле і пра рамонт у Полацку) была — сабраць грошай і купіць новы халадзільнік. Зайшоў ва ўнівермаг у Шуміліне, але на той час выбару не было. З крэдытам звязвацца не хацелася (закрэдытаваўся па самае не хачу!), а тут падвярнуўся спецыяліст, які ўзяўся халадзільнік адрамантаваць. Праўда, па-свойму, не мяняючы ўсёй шафы (а на добры розум, трэба было мяняць шафу, хаця гэта і вылецела б мне ў капеечку). Нешта там перапаяў і ўсё. Праўда, пасля рамонту ў халадзільнай камеры  было гэтак жа марозна, як і ў маразільнай…
Вось такая перадгісторыя, пасля якой і з’явілася публікацыя. А тут званок В. П. Бабічава. Аказваецца, можна было пазваніць у “Вітрамбыт”, расказваць, што здарылася, там чакаюць, пакуль не збярэцца некалькі заявак, прыязджаюць і абслугоўваюць прама на даму. І што важна, сказаў Віктар Паўлавіч, за паслугі машыны не бяруць ні капейкі.
Просіцца, аднак, каментарый да званка В. П. Бабічава. Па-першае, халадзільнік — не пральная машына, асабліва калі ён сапсаваўся летам. Куды дзяваць прадукты? Таму рашэнне трэба прымаць тэрмінова, а не чакаць, пакуль сапсуецца ў некага халадзільнік у вёсцы Лявонава ці Пусташы і той нехта пазвоніць менавіта ў “Вітрамбыт”. Па-другое, пра дармавыя паслугі за прыезд з Віцебска. Цяпер многія хітруюць, і, думаю, даўно кошт бензіну, зарплата вадзіцелю, розныя адлічэнні ўключаны ў  цану паслугі па рамонце. Ну, ды гэта не так ужо важна, галоўнае, каб прыехалі і хутка зрабілі. І апошняе, пра выбар халадзільнікаў у Шуміліне. На той час, калі пісаўся матэрыял у газету, з гэтым, паўтаруся, ва ўнівермагу было бедна. І што самае важнае: у райспажыўтаварыстве ніяк не адчаяцца даць пакупніку тавар у растэрміноўку — без усякіх працэнтаў, як гэта робяць у Віцебску. Таму віцебскія магазіны і больш зманлівыя…
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №26 ад 30.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *