Двадцать лет Елена Александрова опекает пожилых жителей агрогородка Мишневичи

Общество

Дапамагчы, падбадзёрыць, выслухаць

Амаль дваццаць гадоў Дзень сацыяльнага работніка адзначае Алена Александрова з вёскі Заобаль Мішневіцкага сельсавета – столькі часу абслугоўвае яна людзей сталага ўзросту.

У ТЦСАН Шумілінскага раёна працуе 46 сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць 503 адзінокіх пажылых людзей, адзінокапражываючых і інвалідаў.

Прыгатаваўшы трэці, а мо і чацвёрты сняданак за дзень, набыўшы прадукты ў мішневіцкім магазіне і лекі ў мясцовай аптэцы, Алена Александрова спяшаецца да наступнага падапечнага. Сацыяльнага работніка мы засталі ў Мішневічах – яна набірала ваду ў калодзежы, каб аднесці яе падапечнай.

«Я задаволена сваёй работай! Задаволена, што раблю карысныя справы для людзей, – расказвае Алена па дарозе. – Абслугоўваю восем чалавек: сем жанчын і аднаго мужчыну. Мае падапечныя ўспрымаюць мяне як памочніцу, зямлячку і суседку».

Разам з Аленай заходзім у дом да Людмілы Антонавай. «Я самая старэйшая сярод тых, каго абслугоўвае Алена, – кажа Людміла Якаўлеўна. – Мне 86 гадоў, і я ўдзячна дзяржаве, што ёсць сацыяльная служба. Алена – мой надзейны памочнік, дарадчык і сябар. Яна мне і дроў для грубкі прынясе, і ціск памерыць, і за лекамі збегае. Прыходзіць да мяне кожны рабочы дзень на працягу амаль дзесяці гадоў. Ну, а калі папрашу, то і ў выхадны прыбяжыць. Удзячная ёй за сардэчнасць, цярпенне і шчырасць».

За рабочы дзень Алена Александрова праходзіць каля васьмі кіламетраў. Летам лягчэй, бо можна на веласіпедзе. А зараз, калі то снег са слотай, то галалёд, сацыяльны работнік дабіраецца да сваіх падапечных пешшу.

Сацыяльны работнік лічыць сваю працу нялёгкай не столькі фізічна, колькі маральна, бо нярэдка чужы боль і праблемы ўспрымае як свае асабістыя. «Самае складанае ў рабоце – гэта адчуванне бездапаможнасці перад хваробамі падапечных, – кажа Алена. – На жаль, не магу вярнуць ім ні маладосць, ні здароўе. Раблю ўсё, што ў маіх сілах, каб палепшыць дабрабыт землякоў, надаць ім упэўненасці і настрою». Увесь рабочы дзень Алена Александрова ў руху і ў клопатах. Напэўна, жартуе жанчына, гэта і надае ёй сілы і моцы для работы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *