Всё о кроликах в Шумилинском районе

Мир увлечений Сельское хозяйство

Сямейныя «таварышы», якія любяць утульнасць і моркву

Сімваламі 2023 года з’яўляюцца кот і трус (кролик). І калі катоў у нашым раёне трымаюць многа  (як паказаў фотаконкурс, і чорных у тым ліку), то трусоў разводзяць нямногія гаспадары. Рэдакцыя раённай газеты паспрабавала падлічыць, колькі гэтых вушасцікаў жыве на падворках жыхароў Шуміліншчыны, але дакладную лічбу не ўстанавіла, бо трусы, як вядома, вельмі пладавітыя, і колькасць патомства мяняецца літаральна кожны месяц. Скажам адно: трусоў трымаюць на тэрыторыі кожнага сельсавета.

У некаторых – ад двух да пяці гаспадароў.

Па колькасці пухнатай жывёліны лідзіруюць Светласельскі і Сіроцінскі сельсаветы.

На тэрыторыі Светласельскага сельсавета гэта жывёла прыжылася ажно на 16

падворках: у вёсках Крупчына, Засінніках, Язвіна, аграгарадках Башні і Светласельскі.

 

У буйных жа маштабах развядзеннем трусоў займаюцца, па нашых даследаваннях,  сям’я Казелькаў з вёскі Сіроціна, Ялфімавы з Захарава, Бароўкіны з Крупчына. У кожнай гэтай сям’і на падворку больш за сотню вушасцікаў.

Іван і Юлія Казелькі з Сіроціна ў сезон (вясенне-летні перыяд) трымаюць каля трохсот трусоў розных парод, у тым ліку з чорным мехам. На пытанне, колькі іх у вас, шчыра ўсміхнуліся: «А хто ж іх лічыў? Зараз з сотню будзе. Пры добрым доглядзе і ўмовах утрымання труска прыносіць патомства 11 разоў на год. З’яўляюцца на свет па 4-12 нованароджаных. У сярэднім іх па 8 – столькі саскоў мае самка».

На падворку Казелькаў трусы жывуць сем гадоў. Практычна ўсе яны ласкавыя, ідуць на рукі, з імі любяць пагуляць дзеці – другакласнік Мікалай і першакласніца Ульяна. Калі дамашнія зайцы і збягаюць ад дзяцей, то абавязкова вяртаюцца – яны “таварышы” сямейныя, любяць утульнасць.

Гаспадар Іван прыйшоў да свайго захаплення абдумана і мэтанакіравана, яно, між іншым, перадалося ад маці. Доўгі час чытаў у інтэрнэце спецыяльную літаратуру, вывучаў вопыт трусаводаў. Самы цяжкі перыяд быў першыя паўгода, прызнаўся Іван, бо, як кажуць, на практыцы апрабоўвалі тэхналогію догляду і кармлення, колькасць і разнастайнасць прышчэпак – усё ж жывёла гэта далікатная ў плане выжывання, а інфекцыя можа выкасіць за раз палову пагалоўя. Лягчэй было ў тым плане, што Іван – медработнік (працуе фельчарам), а ягоная маці Галіна Іванаўна – ветэрынар, і яны цесна супрацоўнічаюць са спецыялістамі райветстанцыі, якія дапамагаюць слушнымі парадамі.

Амаль палова пухнатых звяркоў на падворку Казелькаў чорнага колеру. Гэта “чорны баран”, а таксама  змешаныя пароды – такія больш устойлівыя да розных інфекцый. Ёсць «бабачка», «каліфарнійскі», «бель-гійскі велікан», «новазеландская чырвоная» парода.

За дзевяноста дзён хуткарастучы трус мясной пароды набірае ў жывой вазе да 2,6 кілаграма. Вядома, дзеля гэтага жывёлу трэба добра карміць. У рацыёне абавязкова павінна быць гародніна, сена. А яшчэ – зерне і камбікорм, вараныя бульба, гарбузы і морква. У сырым выглядзе трусы спажываюць кармавыя буракі, а таксама тапінамбур (яго Казелькі саджаюць каля дваццаці сотак). У пастаянным доступе павінна быць вада.

Кажуць, што сімвал 2023 года – трус – прынясе дабро, радасць і сямейнае шчасце кожнаму. Сям’і Казелькаў акрамя гэтага яны забяспечваюць яшчэ і харчовую бяспеку.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Цікавае пра трусоў

Дзікія трусы былі прыручаны ў VI стагоддзі нашай эры ў Рымскай імперыі.

Усе трусіныя пароды выведзены з прыручанага дзікага еўрапейскага труса, які жыве ў паўднёва-заходняй Еўропе.

Трусы (у тым ліку і дзікія), у адрозненне ад зайцоў, жывуць групамі і нараджаюць бездапаможных сляпых і голых трусянят, якіх выкормліваюць некалькі тыдняў у гнёздах (у прыродзе – у падземных норах).

Трусы – стварэнні сціплыя і маўклівыя.

Жывёла пужаецца рэзкіх гукаў і рухаў. У той жа час яна вельмі цярплівая і да апошняга не будзе паказваць свой боль.

Любыя рэзкія пахі ад чалавека (тытунь, адэкалон) могуць успрымацца трусом негатыўна.

Трусяняты за чатыры месяцы жыцця павялічваюць сваю вагу ў сорак разоў.

За лактацыю самка аддае трусянятам да 5 кг малака, а на працягу года – каля 27 кг.

Некаторыя трускі, абараняючы сваё патомства, могуць накінуцца на чалавека. Разам з тым пры правільным абыходжанні з жывёлай яна можа быць такой жа ласкавай і ручной, як кошка.

Афіцыйна зарэгістраваны рэкорд доўгажыхарства трусоў склаў 19 гадоў.

Падчас бегу трус можа развіваць хуткасць да 55 км у гадзіну, умее скакаць на адлегласць да трох метраў.

Адзіная частка трусінага цела, якая пацее – падушачкі лап.

Вочы жывёлы незвычайныя – яны могуць бачыць, што робіцца ззаду, нават не паварочваючы галавы.

Пасля таго, як трусы парушылі экалагічную раўнавагу, у некаторых штатах Аўстраліі іх забаронена трымаць у дамашняй гаспадарцы, парушальнікаў чакае штраф.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *