Особенности шумилинской охоты

Мир увлечений Спорт

Асаблівасці шумілінскага палявання

Охотники из Москвы на весеннем туре на гусей.

У старажытныя часы, каб забяспечыць сям’ю ежай, мужчына ішоў паляваць. Сёння паляванне – адно з любімых хобі і папулярнае мужчынскае захапленне мільёнаў людзей ва ўсім свеце. Ці многа паляўнічых на Шуміліншчыне, як прайшоў сезон, высвятляў карэспандэнт газеты.

Шуміліншчына паляўнічая
У раёне зарэгістравана 289 паляўнічых. Як адзначае дырэктар раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Аляксандр Усаў, колькасць паляўнічых нязменная апошнія некалькі год.
У раёне вылучаны чатыры паляўнічыя дачы – Мішкавіцкая, Амбросавіцкая, Сіроцінская і Казьянская. Для паспяховага палявання паляўнічыя звычайна аб’ядноўваюцца ў брыгады. «Сёння ў нас дзейнічае 7 сталых брыгад, у кожнай з якіх аб’ядналіся да дваццаці чалавек, – расказвае Аляксандр Аляксандравіч. – Адзначу, што яны не толькі разам палююць, а і выкладваюць для жывёлы кармы, соль».
Найбольш запатрабаваны ў паляўнічых час з кастрычніка па снежань, калі дазволена паляванне на парнакапытных. Для таго, каб захаваць папуляцыю жывёл, штогод устанаўліваецца максімальная колькасць асобін, якую можна здабыць падчас палявання. «У мінулым годзе з 80 дазволеных ласёў паляўнічыя здабылі 75, з 32 аленяў – 16, з 140 казуляў – 135, – дадае Аляксандр Усаў. – Паляўнічыя аплачваюць кошт забітай жывёлы. Ён вагаецца ад 100 рублёў за казулю да 700 рублёў за лася».
Летась на Шуміліншчыну прыязджалі на паляванне каля 70 паляўнічых з Віцебска, Полацка і Мінска. Аляксандр Усаў адзначае, што пераважная большасць з іх мае шумілінскія карані.

Паляванне з экстрымам
Асаблівы від палявання – паляванне на ваўкоў. Яно ў паляўнічых лічыцца адным з самых складаных і прэстыжных, воўчы трафей – асаблівы гонар любога паляўнічага. Каб забіць драпежніка, у кожнага свой аптымальны варыянт. Адны ставяць капканы, другія абіраюць вабу ці праваду. Але большасць аддаюць перавагу калектыўнаму паляванню, і тут кожны паляўнічы выконвае менавіта сваю адведзеную функцыю, працуючы на агульны поспех.
Сярод тых, хто палюе на ваўкоў, раённая арганізацыйная структура праводзіць спаборніцтвы, прызы за лідарства – льготныя пуцёўкі на некаторыя віды палявання. У мінулым годзе Мікалай Жыгуноў з дапамогай капканаў здабыў 6 ваўкоў, а Міхаіл Бяззубенка змог злавіць ваўчыцу.
«Калі ваўкоў становіцца шмат, гэта сапраўдная праблема для мясцовых жыхароў, асабліва ў маленькіх вёсачках, калі страшна ўвечары выйсці на вуліцу, – кажа Аляксандр Усаў. – Шумілінскія паляўнічыя стараюцца не дапускаць пашырэння папуляцыі ваўка. Рэагуем і на звароты сяльчан, зімой падлічваем воўчыя сляды. У мінулым годзе знішчылі 28 асобін, у 2021 годзе – 21. Дарэчы, на мінулым тыдні здабылі яшчэ 4 ваўкоў».

З Расіі – на Шуміліншчыну
Па словах А. Усава, край шумілінскі папулярны ў паляўнічых з Расійскай Федэрацыі. Летась для расіян былі арганізаваны 35 тураў, у якіх удзельнічала 74 замежныя паляўнічыя. Туры, арганізаваныя для замежных турыстаў, прынеслі Шуміліншчыне 20 853 еўра.
«Да нас прыязджалі паляўнічыя з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Ніжняга Ноўгарада, Мурманска і Смаленска, – расказаў Аляксандр Усаў. – Звычайна расіяне прыязджаюць на 2-3 дні групамі да пяці чалавек. На начоўку месцяцца ў шумілінскай гасцініцы».
Расійскія паляўнічыя прыязджаюць да нас у красавіку-маі, калі дазволена паляванне на гуся, і ў кастрычніку-снежні – на паляванне на парнакапытных. Адзначым, што ні адзін тур не прайшоў «упустую»: з палявання заўсёды былі трафеі.
– Сёлета, думаю, да нас павінна прыехаць паболей замежных паляўнічых, – падсумоўвае Аляксандр Усаў. – Рэклама, якую мы робім у спецыялізаваных чатах, расіян зацікавіла. Ды і мінулагоднія водгукі паляўнічых сваю справу робяць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *