Доска Почёта Шумилинского района. Екатерина Сивцова

Общество

«Работа ў інжынера-цеплатэхніка творчая»

На раённую Дошку гонару занесена прозвішча інжынера-цеплатэхніка УП ЖКГ Кацярыны СІЎЦОВАЙ.

Кацярына Сіўцовава УП ЖКГ з 1999 года. Пачынала машыністкай, затым была сакратаром. Адначасова завочна вучылася на інжынера-праграміста-эканаміста ў Мінскім інстытуце кіравання. «Закончыўшы інстытут, стала працаваць праграмістам, — расказвае Кацярына. —Вельмі хутка зразумела, што гэта не маё. Калі вызвалілася месца інжынера па ахове працы, перавялася. Шмат бывала на кацельнях, мне было цікава разбірацца ў тэхналогіях і тэхнічных нюансах. Кіраўніцтва прадпрыемства гэта заўважыла: летам 2014 года прапанавалі стаць інжынерам-цеплатэхнікам».

Новая пасада літаральна «ўзялаяе ў палон». Тут для сістэматызацыі і абагульнення дадзеных Кацярына змагла прымяняць веды, набытыя падчас вучобы ў інстытуце кіравання, спатрэбіліся веды праграміста. Гэта цяпер у інжынера-цеплатэхніка ўсё раскладзена па папках ды праграмах і на любое пытанне ёсць адказ за некалькі хвілін, а колькі было выпрабавана праграм, не падліча і сама Кацярына. Метадам пошукаў і эксперыментаў знайшла аптымальныя, кантраляваць жа і аналізаваць трэба многа: толькі прыбораў уліку цяпла ў камунгасе больш за 400.

Спатрэбіліся і веды эканаміста. «Калі стала інжынерам-цеплатэхнікам, страты цяпла былі 23%, —адзначае Кацярына. — Гэта вялізарныя сумы, якія проста ляцелі ў паветра. Трэба было тэрмінова выпраўляць становішча». У першую чаргу прычыну страт інжынер бачыла ў састарэлых цепласетках. Пралічыла варыянты, эканамічна абгрунтавала іх кіраўніцтву УП ЖКГ. І ў 2015 годзе пачалася замена цеплавых сетак на сучасныя ПІ-трубы. На сённяшні дзень заменена 96% цеплатрас. Як вынік, страты цяпла цяпер складаюць 8,8%.

«Страты можна зменшыць яшчэ на адзін працэнт, —разважае інжынер-цеплатэхнік. —Затым лічбы трэба ўтрымаць. Вось дзе будзе творчы палёт па выбары аптымальнага варыянту. Паверце, работа ў мяне творчая».

Па-ранейшаму шмат увагі ўдзяляе Кацярына Сіўцова і рабоце кацельняў. Кожныя шэсць гадзін атрымлівае справаздачы з кожнай кацельні, аналізуе і ўносіць карэктывы ў рэжым іх работы. Дарэчы, з 2017 года УП ЖКГ Шумілінскага раёна за ўласныя грошы набывае новыя сучасныя катлы. Мадэрнізацыя кацельняў і цепласетак у сукупнасці і прывяла да істотнага зніжэння страт цяпла. А гэта вялікі плюс як для прадпрыемства, так і для спажыўцоў. Відавочна, што ў гэтым ёсць і заслуга інжынера-цеплатэхніка Кацярыны Сіўцовай.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *