Компетентно про дрова. На вопросы отвечает директор Шумилинского филиала УП «Витебскоблтоп» Владимир Кийко

Вопрос-Ответ Экономика

Лепш за ўсё мець дровы ў запас!

Сонца павярнула на вясну, але ж на вуліцы яшчэ халодна і марозна, і без прапальвання печак ніяк. Многія сапраўдныя гаспадары назапасілі дастатковую колькасць дроў яшчэ ў пачатку ацяпляльнага сезона, аднак ёсць і такія, хто ўжо ўсё запасы выбраў і шукае, дзе б яшчэ «падзаправіцца». Заўсёды гатовы аказаць паслугу Шумілінскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам «Віцебскаблпаліў». Пра справы на прадпрыемстве гутарым з яго дырэктарам Уладзімірам Кійко (на фота).

Наколькі плённым быў мінулы год для філіяла?

– У цэлым спрацавалі нядрэнна. Летась было рэалізавана 2131 тона ўмоўнага паліва, у тым ліку 92,2% – насельніцтву. За 2022 год філіял забяспечыў цвёрдымі відамі паліва 1432 домаўладанні. Рэнтабельнасць продажу склала 4,3%.

Якія віды паліва рэалізуе прадпрыемства?

– Стандартныя, традыцыйныя – дровы і торфабрыкет. Дровы нам без збояў пастаўляе Шумілінскі лясгас. Брыкет паступае ў вагонах па чыгунцы з торфазаводаў Гродзенскай вобласці. Зараз на пляцоўках знаходзіцца ў запасе да 50 тон торфабрыкету і больш за 500 метраў кубічных дроў.

Якая працэдура падачы заяўкі на паліва?

– Чалавек павінен прыйсці да нас (патэлефанаваць) і даць заяўку на паліва. Па паліўнай кніжцы яно адпускаецца ў наступных аб’ёмах: 4,9 м куб. дроў (кошт цуркамі па фіксаванай цане на 17 лютага на тэрыторыі філіяла – 135 руб. 54 кап., колатымі – 203 руб. 16 кап., двухмятровымі – 73 руб. 80 кап.), 3,5 тоны паліўных брыкетаў за 112 руб. 91 кап. Плюс трэба заплаціць за дастаўку да дома гаспадара – 1 км каштуе 6 руб. 24 кап. Плата бярэцца толькі за дарогу ў адзін бок.

Хто мае права прэтэндаваць на дровы па фіксаваных цэнах?

– Усе жыхары раёна, у каго ў доме печкі ці грубкі. Не мае значэння, праведзена пры гэтым газавае ацяпленне і ці ўстаноўлены электракацёл. Калі гаспадар не разабраў печку, ён мае пра-ва звярнуцца да нас і атрымаць дровы ці брыкет па фіксаванай цане. Даведку аб тым, што ў доме ёсць печка (груб-ка), можна ўзяць у сельвыканкаме або ў разлікова-касавым цэнтры ў Шуміліне.

Зразумела, што людзям на сезон мала аднаго прычэпа. Які выхад?

– Больш нормы паліва можна ўзяць па свабоднай цане. Яна разлічваецца зыходзячы з пароды дрэў, якія завезены на тэрыторыю філіяла. Дровы будуць каштаваць амаль у два разы даражэй, чым па фіксаваных цэнах. Не прывык наш народ загадзя рыхтаваць дровы, зімой ці вясной, калі няма ажыятажу. Вось і зараз – зацішша. За тыдзень прадаём толькі 20 тон брыкету і каля 100 м куб. дроў. Так што на працягу пяці дзён (а не трыццаці, як у правілах) выконваем заяўкі.

– Якія яшчэ паслугі аказваеце насельніцтву?

– Паслугі па распілоўцы дроў з выездам на адлегласць да 10-12 км (12,6 руб. за 1 м куб.), колка дроў (13,8 руб.) – такія заказы паступалі нядаўна з Сіроцінскага сельсавета. Акрамя таго, аказваем паслугі па ўзважванні транспарту з грузам і без яго, абмеры, прадастаўляем паслугі транспарту.

Якія планы ў філіяла на гэты год?

– Стараемся пашырыць аб’ёмы па рэалізацыі паліва. Шукаем новых пакупнікоў сярод арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Стараемся захаваць прадпрыемства, пазбегнуць рэарганізацыі філіяла.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *