Шумилинский льнозавод отмечает 80-летие

Актуалии Векапомнае

Так пачыналася

Шумілінскаму льнозаводу – 80
У 1929 годзе ў Сіроцінскім раёне пачалося будаўніцтва льнозавода, які аб’яднаў тры хутары – Самсонаўку, Канашчонкі і Мошню. Першым дырэктарам льнозавода  быў А. В. Вайцецкі, затым кіраваў К. Ц. Буланчыкаў.
Пробны запуск завода адбыўся 23 снежня 1932 года. На святочным адкрыцці за датэрміновае будаўніцтва завода дырэктару А. В. Вайцецкаму была ўручана грамата абкама КПБ. Прадпрыемства тады працавала на сланцавай льнотрасце.
У 1933 годзе заводам кіраваў М. Ф. Азаркевіч. Раённая газета “Ленінскі шлях” пісала: “Незвычайна радасную вестку атрымаў рабочы калектыў Сіроцінскага льнозавода. Прэзідыум Вярхоўнага Савета Саюза ССР узнагародзіў дырэктара льнозавода т. Азаркевіча Мендэля Вульфавіча ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Натхнёны вялікай узнагародай, рабочы калектыў абавязаўся датэрмінова выканаць гадавую  праграму выпуску прадукцыі”.
У час Вялікай Айчыннай вайны завод быў эвакуіраваны, абсталяванне вывезена, у цэхах гітлераўцы ўстанавілі германскае абсталяванне. Сюды прывозілі сыравіну з Віцебскай і Смаленскай абласцей, прадукцыя ішла на ваенныя патрэбы.
Многія не маглі змірыцца, што на шумілінскім льнозаводзе працуюць ворагі. Обальская падпольшчыца Зінаіда Лузгіна падкінула ў сушыльнае аддзяленне міну запаволенага дзеяння. Моцны выбух аглушыў наваколле. Завод і склады, што знаходзіліся побач, згарэлі. А аддаленыя склады падпаліў наш зямляк, падпольшчык Фёдар Слышанкоў. Дзве тысячы тон льновалакна, якія былі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію, згарэлі дашчэнту.
Пасля вайны завод быў адноўлены. Значна павялічыліся пасяўныя плошчы лёну. Тут працавала многа ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – І. В. Лапавухаў, В. Ф. Самсонаў, Ф. К. Дзятлаў, Я. М. Капусцін, М. Я. Лазараў, І. М. Гусакоў, А. І. Федчанка, Н. З. Федчанка. У 1946 годзе лён сеялі ўсе сельгаспрадпрыемствы, якія былі на той час у раёне. І ў 1949 годзе яны здалі дзяржаве льнопрадукцыі на 67% больш, чым за першы год пяцігодкі. Калектыў Сіроцінскага льнозавода за чатыры гады выканаў пяцігадовы план па выпуску валавой прадукцыі і заняў першае месца ў абласных спаборніцтвах.
Ішлі гады. У 1964 годзе аб’яднаныя хутары атрымалі адзіную назву – вёска Прыазёрная. Яна паступова разрасталася. Пашыраўся і льнозавод. Павялічыліся аб’ёмы вытворчасці, і заводу патрэбна была мадэрнізацыя. І ў 1976 годзе пачалася рэканструкцыя льнозавода для прамысловага выпуску льнотрасты, якая працягвалася два гады. Магутнасць льнозавода дазваляла апрацаваць 800 тон валакна ў год, або пяць тысяч тон льнотрасты з сярэднім нумарам 1,5.
З 1976 па 1986 гады льнозаводам кіраваў Іван Іосіфавіч Васюковіч. Неаднаразова прадпрыемства было пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў у рэспубліцы. На заводзе былі перадавыя на той час метады працы, тэхналогія пераапрацоўкі льнотрасты. Праводзіліся сацыялістычныя спаборніцтвы. Ударнікамі працы былі многія работнікі, а Люсю Паўлаўну Шчадрову ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені і медалем “Ветэран працы”.
З 1986 па 1997 гады дырэктарам льнозавода быў Уладзімір Канстанцінавіч Сумнікаў. У 1998 годзе льнозавод быў ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства, дырэктарам якога стала Тамара Аляксандраўна Баброва.
Прадпрыемству прыйшлося перажыць узлёты, падзенні і нават банкруцтва. Але завод пастаянна адчуваў дзяржаўную падтрымку, гэта і дапамагло выжыць.
Сёння на чале льнозавода стаіць Аляксандр Мар’янавіч Папіна. За апошнія гады прадпрыемства атрымала энэрганасычаную тэхніку, новыя льноўборачныя машыны, дзякуючы якім лён убіраецца механізавана. Вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці, устанаўліваецца міні-кацельня, дзякуючы якой электраэнергіі будзе спажывацца значна менш, а значыць, зменшыцца і сабекошт выпускаемай прадукцыі.
Падрыхтавала Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №28 ад 06.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *