Доска почёта Шумилинского района: Галина Котлова

Актуалии Общество Экономика

Простае жаночае шчасце

Галіна Катлова, аператар ПЭВМ Шумілінскага раёна газазабеспячэння,  лічыць сябе шчаслівай жанчынай. “Жаночае шчасце – гэта калі ў цябе любімая сям’я і любімая работа, –  расказвае Галіна Мікалаеўна. – Мне пашчасціла і з першым, і з другім”.

Г. Катлова працуе ў райгазе 10 год. Але шлях да гэтага быў працяглы. “У 2008 годзе скарацілі пасаду юрысконсульта ў “Белаграпрамбанку”, – успамінае жанчына. – Тагачасны кіраўнік райгазу У. П. Воранаў прапанаваў перайсці юрысконсультам у райгаз, дзе гэтая пасада толькі ўводзілася”. Галіна Мікалаеўна па характары разважлівая і дапытлівая, менавіта гэтыя якасці і дазволілі ёй хутка ўнікнуць у спецыфіку новай работы.  Як сама адзначае, нават не адчула, калі прадпрыемства стала для яе нечым большым, чым проста работа.
На сённяшні дзень у Галіны Мікалаеўны шмат службовых абавязкаў. Так, яна працуе з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія маюць запазычанасць  за спажыты газ. І гэта сапраўды вялікі пласт складанай работы, за мінулы год толькі фізічныя асобы вярнулі каля 4,5 тысяч рублёў даўгоў.
А вось работа з рознымі дагаворамі – гэта за радасць для Г. Катловай. “Усё ж я юрыст па адукацыі, – усміхаецца Галіна Мікалаеўна. –  Мне цікава самой складаць дагаворы, даведвацца пра пэўныя характарыстыкі, падбіраць аптымальныя варыянты”.
Але юрыстам Галіна Мікалаеўна стала толькі з другой спробы. Пасля школы яна закончыла філфак і два гады адпрацавала настаўніцай. “Гэта не зусім маё, – кажа яна. – Зразумела, веды па педагогіцы і псіхалогіі мне дапамагалі знаходзіць агульную мову з калегамі, у сям’і, у выхаванні дзяцей не былі лішнімі. Але мяне цягнула да юрыспрудэнцыі.  Мае сваякі працавалі ў пракуратуры і адвакатуры, і я марыла пра прафесію юрыста. Паступіла на юрфак БДУ, пасля заканчэння якога працавала юрыстам у ашчадбанку ў Шуміліне. Гэтая праца прыносіла задавальненне”.
Самае галоўнае ў жыцці Г. Катловай – сям’я.  Гэта яе надзейны тыл, гэта тое месца, дзе яе заўсёды падтрымаюць. У першую чаргу, па словах жанчына, у гэтым заслуга мужа Міхаіла. Старэйшая дачка Алеся жыве і працуе ў Мінску, сын Аляксей вучыцца ў раённай гімназіі. А тры гады назад сям’я пабагацела на прыёмных дачок Марыю і Кацярыну. “Неяк няўтульна стала дома без дзіцячага смеху і гоману, – расказвае Галіна Мікалаеўна. – Дачка ў Мінску, сын у гімназіі. Вось і вырашылі з мужам узяць дзетак з дзіцячага дома. Паехалі ў Лётцы, пазнаёміліся з Машай і Кацяй”. І самыя лепшыя для Г. М. Катловай імгненні – сумесны сямейны адпачынак, нядаўна, напрыклад, сям’я ў поўным складзе ездзіла ў сталічны аквапарк.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №67 ад 31.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *