Работники культуры Шумилинского района встречают свой профессиональный праздник творческими победами

Актуалии Культура

А работнікі культуры абяцаюць радаваць сваімі талентамі

8 кастрычніка работнікі сферы культуры Беларусі адзначаць сваё прафесійнае свята. Да яго маюць дачыненне 65 тысяч беларусаў – мастакі і музыканты, акцёры і кіраўнікі творчых калектыў, работнікі музеяў і бібліятэк.
У Шумілінскім раёне працуюць 217 работнікаў культуры, у тым ліку чацвёра маладых спецыялістаў.
Выдатным падарункам да прафесійнага свята, лічыць Валянціна Навіцкая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, стаў распачаты капітальны рамонт галоўнай культурнай установы раёна – Шумілінскага раённага цэнтра культуры. Валянціна Георгіеўна расказала, што праект прадугледжвае капітальны рамонт даху будынка з яго мадэрнізацыяй. Складаны, чатырохузроўневы дах будзе трымаць металічная канструкцыя, таму зараз ідзе ўмацаванне фундамента ўсяго збудавання, якое было ўзведзена ў 1974 годзе. Будзе таксама зроблена вонкавае ўцяпленне сцен, так называемая “тэрмашуба”, а новая ўваходная група стане ўпрыгажэннем Палаца культуры.
Бюджэт прадугледжвае 850 тысяч рублёў на рэалізацыю праекта. Гэтыя грошы застануцца ў раёне, бо генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступае мясцовае ПМК-70.
Будаўнікі абяцаюць, што ўжо да канца бягучага года шумілінцы ўбачаць адноўлены дах цэнтра культуры. Хаця пачатак рамонту заўжды цягне за сабой працяг. У дадзеным выпадку, дзеліцца Валянціна Навіцкая, ёсць  пытанні па дахавых перакрыццях, па парапетах, па электрычнай частцы і многіх іншых накірунках.
У рэшце рэшт хочацца, каб галоўная ўстанова культуры раёна адпавядала ўсім сучасным патрабаванням і па знешнім выглядзе, і па ўнутраным аздабленні, каб ніводны жыхар і госць Шуміліншчыны не змог прайсці міма.
А работнікі культуры абяцаюць радаваць сваімі талентамі.
Дарэчы, у кастрычніку бягучага года спаўняецца 50 год з дня заснавання Генадзем Ганчаровым народнага тэатра РЦК. Сённяшні калектыў тэатра не мае пакуль магчымасці запрасіць гледача на юбілейныя ўрачыстасці, але адразу пасля рамонту цэнтра культуры запросіць абавязкова.
Абласная прэмія ў галіне культуры, якая штогод прысуджаецца да прафесійнага свята, таксама стала прыемным падарункам. За ўсю гісторыю існавання аддзела культуры, падкрэсліла В. Г. Навіцкая, такую прэмію шумілінцы атрымалі ўпершыню. У намінацыі “Лепшы майстар” ўзнагарода, падмацаваная дыпломам і 20-ццю базавымі велічынямі, прысуджана майстру Шумілінскага дома рамёстваў Наталлі Сцержанковай.
Сярод найбольш значных творчых дасягненняў, якіх у агульнай скарбонцы работнікаў культуры раёна заўсёды багата, Валянціна Навіцкая назвала таксама рэалізацыю праектаў міжнароднага супрацоўніцтва – Гміна Макув (Польшча), Караноўскі раён Краснадарскага краю, Вялікалуцкі раён Пскоўскай вобласці, дзякуючы садзейнічанню работнікаў культуры, знайшлі добрых партнёраў у Шумілінскім раёне.
“Не існуе асобнага свята для ідэалагічных работнікаў, – кажа кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, –але культура з’яўляецца правадніком дзяржаўных ідэй у любой краіне, таму мы разам. І працуем, і святкуем.
Сфера культуры Шумілінскага раёна сёння трымае высокую планку і хочацца пажадаць усім яе работнікам годна трымацца на гэтай вяршыні, не спыняцца ў сваім развіцці, радаваць новымі праектамі і ініцыятывамі.”
А мы ад імя ўсіх чытачоў раённай газеты пажадаем работнікам культуры, каб цудоўны настрой, які яны дораць, вяртаўся да іх узбагачаны людскім прызнаннем і новым натхненнем.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №78 ад 06.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *