У Дзень беларускага пісьменства ўсе шляхі вялі на гарадоцкі Парнас

2023 – Год мира и созидания Дзень беларускага пісьменства-2023 Культура Общество

Усе культурныя шляхі   вялі на Гарадоцкі Парнас

Такой канцэнтрацыі беларускай мовы і беларускасці Гарадок яшчэ не бачыў. У мінулыя выхадныя, 2 і 3 верасня, ён на два дні гасцінна запрасіў усіх, хто ў адказе за слова, усіх, хто любіць родную мову і культуру. Свята літаратуры і слова піша гісторыю з 1994 года. Усё пачыналася ў Полацку – калысцы беларускай дзяржаўнасці і культуры.

Сімвалічна, што і трыццаты па ліку форум прайшоў на віцебскай зямлі, якая падарыла свету Францыска Скарыну і Ефрасінню Полацкую. На галоўнай сцэне, кніжных кірмашах, за круглымі сталамі раскрывалі важную тэму года – міру і стварэння, а яшчэ адзначылі 140-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка і драматурга Янкі Маўра.

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна стаў не толькі нагодай успомніць пра наша славутае літаратурнае мінулае, але і рэдкім унікальным шанцам пазнаёміцца з пісьменнікамі-сучаснікамі. З аднымі вядомымі паэтамі, празаікамі, журналістамі і публіцыстамі можна было пагутарыць асабіста, узяць аўтограф і сфатаграфавацца. Другіх – лепшых аўтараў мінулага года, пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, прозвішчы і творы якіх былі агучаны на галоўнай сцэне падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця свята – запісаць у сваю памяць, каб пасля абавязкова пачытаць. Акрамя таго, у гасцей Гарадка была выдатная магчымасць па-поўніць асабістую бібліятэку арыгіналь-нымі друкаванымі творамі,а асабісты фотаальбом – адмысловымі фотаздымкамі са шматлікіх фотазон.

Дзень беларускага пісьменства наведалі высокія госці – намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін і многія іншыя.

 

Арганізатары народнага нацыянальнага свята пастараліся на славу, прапанавалі шматлікія тэматычныя выставы, прэзентацыі, фэсты, майстар-класы, конкурсы, інтэрактыўныя пляцоўкі для ўсіх узростаў. І варта прызнаць галоўнае – ва ўсім адчувалася непарушнае адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цесная сувязь са славянскімі вытокамі. Сапраўды, беларусам ёсць чым ганарыцца – беларускае пісьменства мае шматвекавыя традыцыі. Асветнікі беларускага народа – асобы еўрапейскага маштабу.

Прыемна адзначыць, што стаць удзельнікамі свята і адчуць яго атмасферу пажадалі і многія жыхары Шуміліна.

 

У гэтыя дні ўсе шляхі вялі на Гарадоцкі парнас! Адны прыехалі ў Гарадок на сваім транспарце, другія скарысталі выдатную прапанову Шумілінскага ФАЦа (арганізатар Ірына Кулікава) – прыехаць арганізавана на аўтобусе. І ўсе засталіся ў захапленні ад убачанага і пачутага: адчулі на гарадоцкіх вулачках подых мінулых ста-годдзяў, наталіліся на творчых пляцоўках прыгажосцю роднага слова.

Многія таксама адзначылі, што Гарадок сустрэў абноўленымі скверамі і паркамі (цэнтральны абноўлены парк, дзе ўстаноўлены помнік галоўнаму герою паэмы палясоўшчыку Тарасу, займеў новую назву – Вераніцынскі сквер ), добраўпарадкаванымі вуліцамі і будынкамі, святочнай непаўторнай атмасферай.

Свята адзінства нацыянальнага слова атрымалася шматгранным, каларытным і хлебасольным. У беларусаў па-іншаму не бывае.

Алена КАРПУШЭНКА.

Сталіцай юбілейнага ХХХ Дня беларускага пісьменства стаў Гарадок дзякуючы таму, што аўтарам самай вядомай у ХІХ стагоддзі беларускай сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе» з’яўляецца ўраджэнец Гарадоцкага раёна Канстанцін Вераніцын.

Дарэчы, доўгі час літаратуразнаўцы называлі твор ананімным, толькі ў 1970-я даследчык Генадзь Кісялёў адкрыў свету імя яго аўтара і паказаў дакладную дату напісання – 1855 год. Твор называюць жамчужынай беларускай паэзіі.

‹На Фестывалі кнігі і прэсы была прадстаўлена і раённая газета «Герой працы», крыніца беларускага слова.

‹На «Гарадоцкім Парнасе» з канцэртнай праграмай выступіў народны калектыў «Гульбічы».

‹На ўрачыстым закрыцці фестывалю беларускага слова Гарадок перадаў эстафету наступнага Дня беларускага пісьменства гораду Івацэвічы Брэсцкай вобласці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *