На сходе жителей Мишневичского сельсовета обсудили актуальные вопросы: от наведения порядка на земле до объединения хозяйств

Сельское хозяйство

На тэрыторыі ўсіх сельсаветаў зараз праходзяць мясцовыя сходы грамадзян, якія з’яўляюцца формай калегіяльнага самакіравання. На мінулым тыдні такі сход прайшоў у Мішневіцкім сельсавеце, у ім бралі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзімір Пушноў.

У Мішневіцкім сельскім клубе сабраліся жыхары аграгарадка, навакольных вёсак, каб абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні. Старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька расказала землякам пра планавыя ваенныя вучэнні з задзейнічаннем артылерыі і верталётаў, якія пройдуць за вёскай Заобаль з 20 па 31 сакавіка. Заклікала землякоў правесці дома з дзецьмі прафілактычныя гутаркі, каб малыя не апынуліся ў зоне вучэнняў. Разглядаліся важныя пытанні жыццезабеспячэння, навядзення парадку на зямлі, уборкі воінскіх пахаванняў, захавання маё-масці і прафілактыкі крадзяжоў.

Мікалай Будневіч расказаў пра палітычную абстаноўку ў краіне, пра адзіны дзень выбараў у лютым 2024 года, пра ролю і функцыі дэпутатаў мясцовых Саветаў. Старшыня райсавета паведаміў пра магчымасць для многіх сем’яў стаць апякунскай – тым самым дапамагчы з напаўненнем вучнямі мясцовай школы, каб захаваць яе.

Асноўнае пытанне, якое было разгледжана на сходзе, – рэарганізацыя КУСГП «Мішневічы» і яго далучэнне да «Сіроцінскага». «Трэба зрабіць усё, каб не згубіць сельскую гаспадарку на мішневіцкай зямлі, – выказаўся Мікалай Будневіч. – Людзі, вытворчыя аб’екты, жывёла і тэхніка застануцца на месцы».

Уладзімір Пушноў патлумачыў на лічбах нерэнтабельнасць работы КУСГП «Мішневічы»: «За мінулы месяц выручка гаспадаркі склала 3,5 тысячы, а на выплату зарплаты неабходна было 52 ты-сячы. Гэта значыць, фонд заработнай платы ў 14,8 раза вышэй за выручку. А яшчэ патрэбны грошы на паліва, запчасткі, электраэнергію. Адна з прычын складанай сітуацыі – нядобрасумленныя адносіны да працоўных абавязкаў саміх людзей. Асноўны даход зімой, як вядома, з малака. Але немагчыма зарабіць грошай, калі ў сельгаспрадпрыемстве дояць 1,3 літра на карову. Таму прынята рашэнне аб рэарганізацыі КУСГП «Мішневічы». Тут будзе ўчастак “Сіроцінскага”. Усе застаюцца на сваіх працоўных месцах. Будзем сеяць, даіць, даглядаць, вырошчваць, як і раней. Больш таго, ёсць планы па ўмацаванні кармавой базы – мяркуем сеяць цукровыя буракі, паляпшаць лугавыя ўгоддзі».

Мясцовыя жывёлаводы, механізатары, спецыялісты актыўна задавалі пытанні. Іх хвалявала, хто будзе начальнікам участка, ці з’явяцца нарэшце на фермах загадчыкі, ці застануцца мясцовыя бухгалтары, ці можна будзе датэрмінова пайсці на заслужаны адпачынак. На гэтыя і іншыя пытанні адказваў дырэктар КУСГП «Сіроцінскі» Іван Карпенка. Ён яшчэ раз запэўніў, што ніхто без работы не застанецца: працавітыя рукі патрэбны «Сіроцінскаму».

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *