Павел Баршинов засеял тысячу гектаров

Сельское хозяйство Экономика

Засеяў тысячу гектараў
На мінулым тыдні механізатары ААТ “АграБаравінка” заканчвалі сеяць кукурузу. На язвінскіх палетках шчыраваў адзін з лепшых сеяльшчыкаў раёна Павел Анатольевіч Баршынаў (на здымку).
За сёлетнюю пасяўную механізатар засеяў больш за тысячу гектараў зерневых, зернебабовых, рапсу і кукурузы, падлічылі мясцовыя бухгалтары. Тысяча гектараў – гэта лепшы вынік не тое што ў гаспадарцы, але і ў раёне. Размаўляем з Паўлам Анатольевічам пра якасць сяўбы. “Хваліцца не ў маіх правілах, – кажа мужчына. – На поле прыязджае кіраўнік гаспадаркі, агранамічная служба. Правяраюць, падказваюць. Больш таго, у гаспадарку часта прыязджае старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Вось і нядаўна цікавіўся глыбінёй задзелкі кукурузы, ці ёсць патрэбныя 3,5-4 сантыметры.  Напэўна, застаўся задаволены, бо ніякіх заўваг механізатарам не зрабіў”.
Па тэхналогіі сяўба праводзіцца на хуткасці 10-12 кіламетраў у гадзіну. Хутчэй нельга, бо будуць агрэхі, тлумачыць механізатар. Ды і рухацца на большай хуткасці не дазваляе камп’ютар, устаноўлены ў кабіне трактара “Беларус-2822”.
У гэты ж дзень мы сустрэліся з маладым дырэктарам ААТ “АграБаравінка” Д. В. Казлоўскім. “Я чалавек у гаспадарцы новы, але з усімі механізатарамі паспеў пазнаёміцца падчас пасяўной, – расказаў Дзмітрый Вікенцьевіч. – Калектыў працавіты і надзейны. Пасеялі 800 гектараў зерневых і зернебабовых, 280 гектараў рапсу. На нашых палетках працавалі два пасяўныя агрэгаты. Тым не менш, па тэмпах пасяўная не вельмі задавольвала, бо часта псавалася тэхніка. Мінус яшчэ і ў тым, што з восені не ў поўным аб’ёме засеялі азімыя зерневыя, так што прыйшлося папацець вясною”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *