Страницы истории Шумилинского района. XIX век

Векапомнае Край шумілінскі

Шумілінскі раён у XIХ стагоддзі
Прамысловасць
Колькасць прадпрыемстваў паступова скарачалася, з’яўляліся новыя галіны. У 1906 годзе на сучаснай тэрыторыі раёна дзейнічалі вінакурны (маёнтак Обаль), цагельныя (маёнткі Лескавічы, Гусінцы, Лоўжа), лесапільны (Мікалаёва), дзягцярны (в. Прудок) заводы, 4 паравыя, 12 вадзяных і 2 ветраныя млыны.
Сялянская гаспадарка доўгі час заставалася натуральнай, але асобныя вёскі ці сем’і займаліся вырабам на продаж глінянага посуду, бандарных вырабаў, саней, калёс, колаў, гонты (дахавае пакрыццё), ганчарных вырабаў, дзёгцю і іншага. Сялянская саматужная вытворчасць існавала ў Казьянскай воласці — 45 двароў, у Петрапаўлаўскай — 15, у Ловажскай — 10, у Міхайлаў-шчынскай – 38 двароў. Сваю прадукцыю сяляне прадавалі перакупшчыкам ці на мясцовых кірмашах.

Б. Кустодиев. Ярмарка

Гандаль
У XIX стагоддзі гандаль быў не вельмі развіты, бо сялянская гаспадарка заставалася ў большасці натуральнай. Сяляне імкнуліся да мінімуму звесці неабходнасць набыцця прадметаў быту, прылад працы, выраблялі неабходнае самастойна ці набывалі ў наваколлі ў сялян-саматужнікаў і рамеснікаў (ганчароў, кавалёў, сукнавалаў і іншых). Буйныя пакупкі рабіліся на кірмашах, дзе селянін мог прадаць сваю прадукцыю і набыць неабходнае. Часам хадзілі па вёсках прадаўцы-разносчыкі (афені), якія гандлявалі пераважна жаночым таварам: ніткі, іголкі, каралі, хусткі.
Як адзначаецца ў «Памятнай кніжцы на 1867 год», па кірмашах Віцебская губерня на перадапошнім месцы ў еўрапейскай частцы Ра-сійскай імперыі.  Кірмашоў ладзіцца мала, тавараабарот таксама невялікі. Кірмашы носяць мясцовы характар, праходзяць па прастольных святах ля цэркваў.
Буйнейшы кірмаш губерні – Бешанковіцкі — праходзіў з 1 ліпеня (пазней з 15 ліпеня) па 1 жніўня. На кірмашы прадаваліся тавары як ра-сійскія, так і замежныя: тканіна (воўна, лён, шоўк, бавоўна, сукно), цукар, віно, тытунь, фарфоравы, фаянсавы і шкляны посуд, ювелірныя ўпрыгажэнні, адзенне, галантарэя, канцылярскія тавары і кнігі, скабяныя, жалезныя, медныя і чыгунныя вырабы, гадзіннікі. Па даных за 1865 год на кірмаш прывезена было расійскіх тавараў на 422 225 рублёў, замежных – на 171 650 рублёў, прададзена, адпаведна, на 249197 рублёў і 84 310 рублёў.
На тэрыторыі нашага раёна кірмашы праходзілі ў Пятніцкай капліцы (вёска Казаногава) і ў Сіроціне. У маёнтку памешчыка Косава Жаробычы каля Пятніцкай капліцы ладзіліся чатыры кірмашы ў год: на дзень Святых Апосталаў Пятра і Паўла, на дзень Святога Прарока Іліі, на дзень Праабражэння Гасподняга і на дзясятую пятніцу па Вялікадню. Гандлявалі напіткамі, вясковымі прысмакамі, фруктамі, жалезнымі гаспадарчымі вырабамі (сярпы, косы і іншае). Прывозілі тавару кожны раз самае большае на 100 рублёў, прадавалі на 74 рублі.
У мястэчку Сіроціна ладзілася 6 кірмашоў, дзе гандлявалі сельскімі вырабамі і жывёлай: 6 студзеня (Хрышчэнскі), 2 лютага (Грамнічны), 9 мая (Мікольскі), 29 чэрвеня (Пятроўскі), 8 кастрычніка (Багародічны), 6 снежня (Мікольскі) (даты дадзены па старым стылі).  Тавараў за год прывозілі на суму 1650 рублёў, прадавалі на 1340 рублёў.
Але кірмашы паступова страчвалі сваё значэнне, уступаючы пастаяннаму гандлю ў крамах.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
(Працяг будзе.)
Надрукавана ў №31 ад 17.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *