Ці знойдзецца інвестар для палаца?

У Шумілінскім раёне сярод помнікаў архітэктуры, занесеных у Дзяржаўны спіс культурна-гістарычных каштоўнасцей, лічыцца і былая сядзіба Грабніцкіх у г. п. Обаль. Гады прывялі да істотнага разбурэння помніка архітэктуры. І зараз на ім праводзяцца работы па кансервацыі.
Як расказаў старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў, работы па кансервацыі аб’екта вядуцца другі год у аб’ёмах выдзеленых сродкаў. У мінулым годзе было выдаткавана з бюджэту пяць тысяч рублёў, сёлета на работы пайшло сем тысяч. За гэтыя грошы была выдалена драўнінна-хмызняковая расліннасць, якая паспела вырасці ўнутры будынка і на мурах, што зусім не спрыяла іх захаванню. Разабрана частка ўнутраных муроў будынка, якія ледзь трымаліся, выдалены сапсаваныя бэлькі, выраўнена паверхня ўнутры знешніх муроў. Пры разборы старых муроў гістарычная цэгла, якая знаходзіцца ў добрым стане, збіраецца для выкарыстання ў далейшых работах па кансервацыі будынка. Пры выдзяленні фінансавання работы прадоўжацца на наступны год.

– Пры разборы сцен высветлілася, што для кладкі знешніх сцен выкарыстоўвалася добрая цэгла, а вось унутраныя муры, мяркую, што ў мэтах эканоміі, выкладвалі з недапаленай цэглы, якая пад уплывам атмасферных ападкаў лёгка разбураецца, ператвараецца ў гліну. Такую цэглу не выратаваць, – заўважыў Сяргей Мураўёў.
Кіраўнік мясцовай улады адзначыў, што праект па кансервацыі прадугледжвае закрыццё верхняй часткі сцен ад ападкаў. У такім выглядзе будынак застанецца для нашчадкаў, калі не знойдзецца інвестар, які захоча і зможа аднавіць старажытны палац для сучасных патрэб. У Беларусі ёсць станоўчы вопыт і прыклады аднаўлення будынкаў старажытных сядзіб.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА
Вядомая шляхецкая сям’я Грабніцкіх валодала Обаллю з 1615 года, калі гэтыя землі ў шляхцічаў Ветрынскіх набыла Ганна Грабніцкая, да 1886 года, калі яе нашчадкі прадалі маёнтак Н. Ф. Мэтцю фон Данненштэрн. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Юлій фон Амбургер, які большую частку часу праводзіў у Санкт-Пецярбурзе, выкарыстоўваў палац у Обалі ў якасці летняй рэзідэнцыі.
У першай палове XIX стагоддзя ў Обалі на беразе ракі Станіславам Грабніцкім быў узведзены палацава-паркавы комплекс у стылі класіцызму. Цэнтрам комплексу з’яўляўся двухпавярховы палац з цокальным паверхам на высокім беразе. Планіроўка дома і знешні выгляд былі зменены падчас рамонту ў 1905-1907 гадах. Парадны паўночны фасад выходзіў на шырокі двор з пад’язной дарогай і цэнтральным партэрам. Ганак дапаўняўся дзвюма невялікімі каменнымі скульптурамі львоў (зараз знаходзяцца каля Обальскага музея). Паўднёвы фасад выходзіў на парк, які тэрасамі спускаўся да ракі Обаль.
Першы паверх займалі вестыбюль з лесвіцай, парадныя залы, бібліятэка, канцылярыя, пакоі для слуг. На другім паверсе былі жылыя памяшканні і сталовая. У парадных і жылых памяшканнях быў паркет з каштоўных парод дрэва. На цокальным паверсе знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні.
Вакол палаца размяшчаліся флігелі, канюшня, стайні, гаспадарчыя і службовыя памяшканні. Захаваўся дом упраўляючага, у якім зараз знаходзіцца музей Обальскага камсамольскага падполля.
У парку раслі бярозы, клёны, ясені, існавала ліпавая алея, былі пасаджаны дэкаратыўныя кусты. У паркавых саджалках разводзілі карпаў. Таксама была капліца і пахаванні Грабніцкіх.
У 1920 годзе спецыяльная камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва з Полацка абследавала маёнтак і склала вопісы. Камісія адзначыла высокую мастацкую каштоўнасць аздаблення палаца: мастацкія карнізы, роспісы сцен і столі, ляпніну, паркетную падлогу, каланады, мармуровыя камины, печы ў стылі ампір. Было адзначана, што ў парку капліца поўнасцю разбурана, а магілы Грабніцкіх разрабаваныя.
У 1924 годзе ў обальскім маёнтку была адкрыта школа сялянскай моладзі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў палацы размяшчаўся нямецкі шпіталь. Пасля вайны – дзіцячы дом. Калі для Обальскай школы ўзвялі новы будынак, палац перадалі Обальскаму керамічнаму заводу пад інтэрнат (1970-1990-я гады). У 1994 годзе па халатнасці жыхароў у будынку здарыўся пажар, пасля якога яго закінулі. Ён паступова разбураўся…
Паркавы фасад палаца Грабніцкіх у Обалі


