Открытие года Шумилинщины – Богдан Ушал

Молодёжь

Хлопец з вялікім талентам і чулым сэрцам

Багдан Ушал – адзін з  8 школьнікаў, якія прадставяць Віцебскую вобласць у міжнародным праекце «Цягнік Памяці». Багдан паспяхова закончыў 10 «А» клас Шумілінскай СШ № 1, актыўны ўдзельнік школьнага патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец».

А яшчэ ён спявае (лірычны тэнар – так называюць яго знаўцы музыкі), займаецца вавінам в’ет во дао, з’яўляецца ўладальнікам шматлікіх узнагарод як у музычнай творчасці, так і ў спорце… Адным словам, шматгранная асоба, мэтанакіраваная, таленавітая, творчая, якая імкнецца развівацца. Хлопец з вялікім чулым сэрцам.

Багдан для Багдана.
Жыццё замест кветак

Напэўна, у нашым раёне няма яшчэ такой школы, дзе яе вучань даў на школьнай сцэне дабрачынны канцэрт, як гэта зрабіў Багдан са сваімі сябрамі. Канцэртам «Музыка без межаў» у рамках акцыі «Жыццё замест кветак» юны спявак падтрымаў свайго цёзку, маленькага Багдана Пукалу з горада Бяроза, які хварэе цяжкім захворваннем і чакае дапамогі, каб жыць. Адметна, што на канцэрце ўпершыню прагучала прэм’ера песні «Парадокс» – аўтарская работа Багдана і дзевяцікласніцы Віталіі Белагаловай.

«Мы сёння сталі больш дружнымі, чым былі дагэтуль, дабрэй і спагадлівей, – адзначыла дырэктар школы Вольга Далецкая, дзякуючы ўсім за ўдзел у мерапрыемстве. – Спадзяюся, што наша ідэя, якая ўвасобілася ў жыццё, знойдзе водгук ва ўсіх прысутных і знойдзе працяг». Сабраныя ад канцэрта сродкі – 260 рублёў – пералічаны на лячэнне маленькага Багдана Пукалы.

Пасля канцэрта артыст ахвотна згадзіўся даць невялікае, першае ў яго жыцці, інтэрв’ю, расказаць крыху пра сябе.

Музыка ці спорт?

– Прабачце, але не магу выбраць. Я іх люблю аднолькава. Спорт быў першым у маім жыцці, я з 6 год ім займаюся, музыкай – два гады. Спорт дае мне адрэналін, ад музыкі я атрымліваю эмацыянальнае задавальненне.

Хто прывёў у музыку?

– Наталля Віктараўна Філіпава, якая стала мне і настаўнікам, і сябрам. Яна адкрыла ў мяне спевака, дапамагла мне раскрыцца і дапамагае зараз. Яе вера ў мяне і падтрымка надае ўпэўненасці. І я ёй вельмі ўдзячны за гэта.

Плэй-ліст у смартфоне?

– Слухаю рознае. Мой плэй-ліст у тэлефоне – гэта прыкладна 3 тысячы кампазіцый.

Сацыяльныя сеткі ў жыцці?

– Не так часта. Няма калі. У гульні, можна сказаць, наогул не гуляю. Калі выпадае свабодны час, слухаю музыку ці проста адпачываю.

Якую кнігу прачытаў апошняй?

– Гэта быў «Вішнёвы сад» А. Чэхава. На жаль, часу хапае толькі на школьную літаратуру.

Пра што марыш?

– Вельмі хачу выбіцца ў людзі. Вельмі мару выканаць «Багемскую рапсодыю» свайго куміра Фрэдзі Меркуры. Мару паспрабаваць сябе яшчэ ў танцах…

Планы на лета?

– Вялікія. Найперш прыняць удзел у праекце «Цягнік памяці». Па-другое, развучыць 4-5 новых кампазіцый. Першай будзе «Снег» Кіркорава. Дужа яна мне падабаецца. Па-трэцяе, закончыць курсы ваджэння і атрымаць правы (сертыфікат хлопец атрымаў ад віцебскага аўтаклуба ў якасці падарунка за Гран-пры ў конкурсе патрыятычнай песні «Праз гады – памятайце!»). Само сабой яшчэ чакаюць рэпетыцыі і трэніроўкі. Ну, і з сябрамі пагуляць.

Алена КАРПУШЭНКА.

ДАВЕДКА ГП
Патрыятычны культурна-адукацыйны праект «Цягнік Памяці» ініцыяваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі – Наталляй Качанавай і Валянцінай Мацвіенка. Яго ўдзельнікамі ў 2022 годзе сталі па 100 дзесяцікласнікаў ад кожнай краіны. Двухтыднёвае падарожжа пачалося 22 чэрвеня ў Брэсце і закончылася 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Мінску. Падлеткі праехалі 6 тысяч кіламетраў, наведалі 15 гарадоў Беларусі і Расіі. У 2023 годзе ўдзельнікаў чакае яшчэ больш цікавы маршрут, да праекта далучацца школьнікі Арменіі, Казахстана і Кыргызстана.

УЗНАГАРОДЫ-2023
Лаўрэат I ступені і фіналіст міжнароднага тэлепраекта «Кубак дружбы», фіналіст патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці», лаўрэат I ступені міжнароднага конкурсу патрыятычнай песні «Сердцем причастны», лаўрэат III ступені абласнога конкурсу патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў», лаўрэат II ступені абласнога конкурсу «Ветразі надзеі», лаўрэат I ступені абласнога этапа і ўдзельнік гала-канцэрта ў Віцебску рэспубліканскага конкурсу «Здравствуй, мир!».

Сярэбраны прызёр першынства Расіі па вавінам в’ет во дао, пераможца чэмпіянату і першынства Рэспублікі Беларусь па вавінам в’ет во дао сярод юніёраў і дарослых.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *