В Шумилино прошёл международный волейбольный турнир, посвящённый памяти тренера Анатолия Завадского

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

У гонар выдатнага трэнера Анатоля Завадскага

23-25 верасня ў дзіцячай юнацкай спартыўнай школе праходзіў міжнародны валейбольны турнір, прысвечаны памяці трэнера А. Я. Завадскага. І гэта падзея на тры дні пераўтварыла Шуміліна ў спартыўную сталіцу краіны. І калі сярод шумілінцаў яшчэ засталіся абыякавыя да валейболу людзі, гэта значыць толькі адно – яны проста не бачылі ніводнай гульні.

У гэты раз змагацца з шумілінскімі спартсменамі прыехалі каманды дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ алімпійскага  рэзерву з Мінска, Гомеля, Віцебска, Брэста, таксама з Зеленаграда і Адзінцова (Расія). Сваё майстэрства, тэхніку, спартыўны азарт дэманстравалі юнакі 2002-2003 гадоў нараджэння.
Турнір памяці выдатнага трэнера, цудоўнага чалавека Анатоля Яўгенавіча Завадскага праводзіцца ў трэці раз і пастаянна павышае сваю геаграфію. Пра заслугі трэнера, яго ўклад у развіццё шумілінскага валейбола, адданасць справе і выдатныя чалавечыя якасці гаварылі падчас урачыстага адкрыцця турніру. Поспеху пажадаў спартсменам кіраўнік раёна Аляксандр Снараў. Аляксандр Іванавіч, дарэчы, аказаўся адным з самых зацікаўленых і азартных балельшчыкаў. Вітаў удзельнікаў спаборніцтваў сын А. Я. Завадскага Сяргей (на здымку ўверсе), які падзякаваў усім, хто падтрымлівае і развівае шумілінскі валейбол. На мерапрыемстве прысутнічала і жонка трэнера Л. Р. Завадская.
Вядома, мы балелі за нашых – да хрыпаты, да збітых далоняў. Але гэта ніяк не замінала адзначаць выдатную падрыхтоўку, тэхнічнасць і спрыт нашых сапернікаў. “Гэты турнір – выдатная падрыхтоўка шумілінскіх валейбалістаў да ўдзелу ў абласным першынстве, гульні ў якім пачнуцца ўжо ў пачатку кастрычніка, – заўважыў дырэктар Шумілінскай ДзЮСШ Алег Асташонак. – Заўважце, што нашы хлопцы выйшлі на поле мала таго, што супраць выхаванцаў школ алімпійскага рэзерву, але і яшчэ на год старэйшых за сябе. І пры ўсім пры гэтым яны паказалі выдатную гульню”. Да прыкладу, каманда з Адзінцова – ні многа ні мала, а сярэбраны прызёр чэмпіянату Расіі па валейболе. Але які б моцны сапернік не ўставаў перад выхаванцамі Аляксея Паршыкава, яны да апошняга трымалі яго ў напружанні. Паказваючы цікавую гульню, удасканальваючы сваё майстэрства, назапашваючы спартыўную злосць і спрыт. Лепшым іграком шумілінскай каманды быў названы капітан Данііл Сафонаў.
У выніку ўсіх спаборніцтваў перамогу атрымала каманда Гомельскай СДзЮСШАР “Энергія”. На другім месцы – каманда з горада Адзінцова, на трэцім – мінскія валейбалісты. Шумілінскія хлопцы занялі чацвёртую прыступку, і нельга сказаць, што яны былі задаволены такім вынікам. Але затое, гэта выдатны і самы дзейсны штуршок да работы, да ўдасканалення, што абавязкова прывядзе да новых гучных перамог у будучым. Нашы чэмпіёны яшчэ парадуюць сваіх шматлікіх балельшчыкаў, бацькоў, землякоў, яшчэ не раз праславяць Шуміліна.
Вельмі важна, што спартыўныя памкненні заўжды знаходзяць падтрымку. Вялікую дапамогу ў арганізацыі турніру, уладкаванні шматлікіх гасцей, узнагароджанні аказала дырэктар раённай гімназіі старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ларыса Маладзечкіна. Актыўна падтрымлівае раённы спорт і спартыўная грамадскасць. І ў многім дзякуючы гэтай падтрымцы быў забяспечаны высокі ўзровень арганізацыі турніру.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *