В Шумилинской ПМК-70 ставку делают на молодых

Актуалии Молодёжь Экономика

Стаўка на маладых
Кіраўніцтва ПМК-70 робіць стаўку ў першую чаргу на моладзь, сёння 35% будаўнікоў – маладыя людзі. Рабочую спецыяльнасць можна атрымаць непасрэдна на прадпрыемстве: такой магчымасцю за апошні час скарысталіся чатыры чалавекі.
Конкурсы прафесійнага майстэрства сярод маладых будаўнікоў сталі на прадпрыемстве традыцыйнымі. Яны  садзейнічаюць прафесійнаму росту маладых будаўнікоў, перамагчы ў іх – прэстыжна і ганарова. Конкурсы арганізуюць і праводзяць адміністрацыя і прафсаюзны камітэт прадпрыемства, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ.
Сёлета конкурс сярод маладых тынкоўшчыкаў прайшоў у Бешанковічах, дзе шумілінскія будаўнікі працуюць на ўзвядзенні шматкватэрнага дома.
Брыгада аддзелачнікаў, у якой працуюць канкурсанты, адна з самых вялікіх, прыкладна трэць аддзелачнікаў – маладыя. Шасцёра з іх і бралі ўдзел у конкурсе. Прычым, пяцёра закончылі будаўнічыя навучальныя ўстановы, а адзін – Аляксей Гаўрылкін – атрымаў спецыяльнасць на прадпрыемстве.
Перад пачаткам конкурсу брыгадзір брыгады аддзелачнікаў Антаніна Дарожкіна дала вельмі станоўчыя характарыстыкі  канкурсантам: “Дзяўчаты, Вольга Бабова і Вікторыя Караева, вярнуліся да нас пасля водпуску па доглядзе за дзіцяці. Аляксей Гаўрылкін і Аляксей Ерашонак з работай заўсёды спраўляюцца хутка і якасна.  Віктар Мазылеўскі вярнуўся пасля арміі. Антон Шэдзько летась удзельнічаў у конкурсе і заняў трэцяе месца”.
Першы этап конкурсу – практычны. За 30 хвілін маладыя будаўнікі павінны былі адтынкаваць сценку, улічвалася як якасць выкананай работы, так і аб’ём. З якасцю работ ні ў каго не было праблем. “У нашай брыгадзе галоўны паказчык – якасць, па-іншаму ў сучасных умовах працаваць нельга”, – з гонарам канстатавала Антаніна Дарожкіна.  Так што ўсё “вырашылі” аб’ёмы. Больш за ўсіх – амаль дзесяць квадратных метраў – адтынкаваў Аляксей Ерашонак, крыху адсталі ад яго Юлія Бабова і Антон Шэдзько.
А вось на тэарэтычнай частцы канкурсантам прыйшлося задумацца. Але маладыя тынкоўшчыкі і тут не разгубілася, добра справілася з пытаннямі. Лепшыя веды паказалі Аляксей Гаўрылкін і Антон Шэдзько.
У выніку званне “лепшага маладога тынкоўшчыка” атрымаў Аляксей Ерашонак, другое месца падзялілі Антон Шэдзько і Юлія Бабова, трэцяе – у Вікторыі Караевай. На ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята пераможцам і ўдзельнікам конкурсу будуць уручаны дыпломы і падарункі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

На здымку: А. Ерашонак, В. Мазылеўскі і В. Бабова за работай.
Надрукавана ў № 61 ад 05.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *