В ОАО «Приозёрный мир» косовица набирает темпы

Сельское хозяйство

Спадзяюцца на свае сілы

«Косім травы на далёкіх палетках за Маркавым, туды на сваёй легкавушцы не праедзеце, – кажа дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” Мікалай Жыгуноў. – Давайце дамаўляцца, у колькі гадзін сустрэнемся, разам з’ездзім на поле».

…Легкавы аўтамабіль кіраўніка гаспадаркі ўвесь у пылу – інакш і не можа быць,калі кожны дзень калясіш па палетках, якія даўно не бачылі дажджу. На полі за вёскай Маркава на МТЗ з касілкай працуе вопытны механізатар гаспадаркі Сяргей Ціманоўскі (на здымку). На яго рахунку да пятнаццаці гектараў скошанай травы. «Гектары гектарамі, хацелася б мець больш важкую масу, – усміхаецца Сяргей. – З-за засушлівага надвор’я яны выраслі слабаватымі, яшчэ не ўсюды назіраецца фаза выхаду ў трубку».

Тым не менш прыдатны час для касавіцы наступіў, і ўборка пачалася. У цёплым надвор’і ёсць і свае плюсы: літаральна за дзень пракосы падсыхаюць. Зграбае сена ў валкі Ігар Карпушчанка, для якога 15 гектараў за дзень – звычайная справа. Потым прыступае да работы Васіль Заяц, які працуе на МТЗ з прэс-падборшчыкам. Гатовыя цюкі сена звозяць пад шаху ля фермы Амбросавічы, каб блізка і зручна было браць корм зімой.

На днях на палеткі выедзе Міхаіл Дашкевіч на МТЗ з касілкай, дадаў Мікалай Жыгуноў. Падчас касавіцы мяркуюць справіцца сваімі сіламі, без дапамогі шэфаў. Для дружнай і зладжанай каманды механізатараў пастараліся стварыць прыдатныя ўмовы: падвозяць на поле абеды, за якія вылічваюць толькі 20% ад кошту, кіраўніцтва разам з прафсаюзнай арганізацыяй распрацавала меры матэрыяльнага стымулявання.

Неўзабаве механізатары «Прыазёрнага міру» пераедуць на касавіцу на поле ля Войлавіч, там падсеяна сумесь шматгадовых траў, якую вясной падкармілі КАСам. Таму спадзяюцца на добры ўраджай.

Асноўныя работы па нарыхтоўцы кармоў наперадзе. ААТ «Прыазёрны мір» трэба скасіць першым укосам 1265 га травы, нарыхтаваць па сем тысяч сенажу і сіласу, 350 тон сена.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *