Шумилинская молодёжь боролась за звание «SuperПРОФІ‑2023»

Молодёжь Общество

Маладосць, прафесіяналізм і талент

10 жніўня прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў «SuperПРОФІ‑2023», у якім бралі ўдзел шэсць прадстаўнікоў розных арганізацый і ўстаноў адукацыі Шуміліншчыны.

Адкрываючы конкурс, намеснік старшыні райвыканкама старшыня конкурснага журы Ірына Шалахава адзначыла: «Штогод у раён прыходзяць маладыя спецыялісты з добрай прафесійнай падрыхтоўкай, трывалымі ведамі. Але часам ім не хапае ўпэўненасці ў сваіх сілах. Спадзяюся, што гэты конкурс дасць не толькі ўдзельнікам, але і ўсім маладым спецыялістам надзею, што ім усё па плячы, і яны змогуць гучна заявіць пра сябе і свае таленты. Удзельнікі раённага этапа — гэта самыя смелыя, самыя крэатыўныя, да таго, яны адпрацавалі ў нашым раёне не менш чым два гады». Ірына Іванаўна пажадала ўдзельнікам упэўненасці, натхнення і яркіх выступленняў.

Хто ж яны, шасцёра адважных? Гэта настаўнік нямецкай мовы з Мішневіцкай базавай школы Альбіна Шырокая, кіраўнік мастацкага калектыву РЦК Андрэй Траф-маў, выхавальнікі дзіцячых садоў Дыяна Сонцава (д/с № 3) і Вераніка Брыкман (Обальскі д/сад), начальнік дзяжурнай аварыйна-ратавальнай змены райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Шустроў, повар-кандытар магазіна «Санта» Анастасія Бяспалава.

Удзельнікам конкурсу трэба было прайсці тры іспыты: паказаць відэаролік, які расказвае аб арганізацыі, дзе працуюць канкурсанты; прадэманстраваць аратарскае майстэрства ў прамове «Чаму мая прафесія лепшая?»; прадставіць на суд журы і гледачоў творчыя таленты.

Адразу заўважым, што справіліся з заданнямі ў большай ступені ўсе. Гледачы, а гэта былі групы падтрымкі канкурсантаў, даведаліся, на якіх педагагічных тэхналогіях выхоўваюцца нашы дзеці, як працуюць ратавальнікі, як пякуцца смачныя булачкі і любімыя шумілінцамі піцы ў «Санце», чым цікавая Мішневіцкая школа і як рыхтуюцца да выступленняў шумілінскія спевакі і танцоры. З захапленнем кожны ўдзельнік расказваў пра свой шлях у прафесію.

Ну, а творчы конкурс ярка прадэманстраваў, якія таленты хаваліся нават у самых сціплых канкурсантах. Яны спявалі, чыталі вершы і прозу як беларускіх, так і рускіх, і нават нямецкіх аўтараў на мове арыгінала.

Журы прыйшлося няпроста, каб вызначыць пераможцаў, падкрэсліла пры падвядзенні вынікаў конкурсу Ірына Шалахава. Дыплом за трэцяе месца атрымала Альбіна Шырокая, уладальнікам дыплома другой ступені стаў Андрэй Трафімаў. Перамагла ў раённым этапе конкурсу «SuperПРОФІ-2023» Анастасія Бяспалава. Яны паедуць на абласны этап конкурсу, які пройдзе ў пачатку восені.

Падарункі ад арганізатараў конкурсу атрымалі ўсе ўдзельнікі. Арганізатарамі і спонсарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

ДАВЕДКА ГП.

Рэспубліканскі конкурс маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі Беларусі «SuperПРОФІ‑2023» праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі з мэтай выяўлення і заахвочвання лепшых маладых работнікаў, якія дабіліся значных поспехаў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Конкурс накіраваны на фарміраванне станоўчага іміджу маладога работніка сярод моладзі і ў грамадстве, стварэнне спрыяльных умоў для самарэалізацыі маладых работнікаў, фарміраванне ў моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, гатоўнасці да ўдзелу ў эканамічным і грамадскім жыцці краіны. У конкурсе ўдзельнічаюць маладыя (да 31 года) работнікі, якія адпрацавалі не менш двух гадоў з дня заключэння працоўнага дагавора.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *