Ульяна Пушкарова стала пераможцай анлайн-конкурсу «#ЭЛЕМЕНТАРНО_ВАТСОН»

Молодёжь Образование

#ЭЛЕМЕНТАРНО_ВАТСОН

Вучаніца Кардонскай СШ Ульяна Пушкарова стала пераможцай анлайн-конкурсу «#ЭЛЕМЕНТАРНО_ВАТСОН»

У Кардонскай сярэдняй школе адна з самых актыўных вучняў – Ульяна Пушкарова. Дзяўчына ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, з’яўляецца старшынёй вучнёўскага савета старшакласнікаў, а таксама ўдзельнікам маладзёжнага парламента ў раёне. Ульяна заўсёды з радасцю бярэцца за любую даручаную справу.
Калі ў маіх руках апынулася палажэнне анлайн-конкурсу «#ЭЛЕМЕНТАРНО_ВАТСОН», я ніколькі не засумнявалася, што Ульяна прыме ўдзел. Хочацца адзначыць, што конкурс даволі незвычайны. Арганізатарамі яго з’яўляюцца Магілёўскі інстытут МУС і Магілёўскі ГК ГА «БРСМ». Конкурс праходзіў у чатыры этапы. Больш за 300 падлеткаў з розных куткоў краіны цэлы месяц выконвалі заданні, і спадзяваліся на перамогу.
У першым этапе неабходна было прадэманстраваць інтэлектуальныя веды па гісторыі праваахоўных органаў. Ульяна выдатна справілася з заданнем і ўвайшла ў 20-ку лепшых удзельнікаў. Наступны этап называўся «У аб’ектыве». Зняць відэаролік на тэму «Няма месца на зямлі лепш за…» не склала для вучаніцы ніякіх цяжкасцяў. Дзяўчына захапляецца відэаздыманнем, і не раз удзельнічала ў падобных конкурсах. Гісторыя ўзнікнення пасёлка Ула не пакінула раўнадушнымі членаў журы. Відэаролік увайшоў у «Топ-10». Трэці этап быў прысвечаны Дню маці. «Лепшы фотаздымак з мамай» і верш для самага дарагога чалавека былі самымі пяшчотнымі і кранальнымі момантамі конкурсу.
Падчас апошняга этапа «Добрых спраў майстар» на працягу тыдня неабходна было рабіць добрыя справы, а фотасправаздачу выкладваць на сваёй старонцы ВК. Удзельнікі паказвалі свае бераж-лівыя адносіны да воінскіх пахаванняў, чысціні лесу, сваю любоў да жывёлы і іншае.
Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Хутка прыйшло паведамленне, што вучаніца Кардонскай СШ Шумілінскага раёна Ульяна Пушкарова па выніках усіх этапаў стала пераможцай.
Ульяна яшчэ раз даказала, што калі верыш у свае сілы і ў перамогу, дык і 300 удзельнікаў не перашкода!
Таццяна ГОЛУБ, намеснік дырэктара Кардонскай СШ.
Апублікавана ў №90 ад 17.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *